СТРАЦІМ-ЛЕБЕДЗЬ

He анёл у трубу уструбіў —

3 хмары бог старому Ною гаварыў:

«Поўна з краем чаша гневу майго

Ha людскія грахі ды бясчыннасці.

Вось надойдзе часіна суворая,

Лінуць з неба залівы бязмерныя

I абмыюць ад бруду смуроднага

Ўсю зямлю яны, белы-вольны свет».

Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг

3 таго дзерава ліванскага.

Ўшыркі гэтаму каўчэгу — сто лакцёў,

A ўдаўжкі — болей тысячы.

Ды узяў туды Ной i птах i звяроў,

Каб не звёўся іх род з зямлі.

Ды не плыў к яму з мора сіняга

Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.

Яго звычаі — арліныя,

Яго ўцехі — сакаліныя;

Пер'і-пер'ечкі бялеюцца

Ды на золку агнявеюцца.

У яго ў крыле — трыста тры пяра:

Узмахне крылом — быццам бор шуміць,

Узмахне другім — што мяцель гудзіць.

Як учнуць дажджы,— пацякла вада,

Разлілася горш ад павадка.

Затапіла ўсе лугі-лагі,

Ўсе лугі-лагі, ўсе лясы-бары;

Уздымаецца вышэй ад гор.

Птахі ў небе стаяй лётаюць,

Енчаць жаласна, ад нуды крычаць,

Выглядаюць стуль прытулачку.

A па ўсёй зямлі толькі хвалі б'юць,

Толькі хвалі б'юць белай пенаю.

Ды па іх дужы, смелы плавае

Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.

Узмахне крылом — быццам бор шуміць,

Узмахне другім — як мяцель гудзіць.

I населі тут на лебедзя

Птахі дробныя ўсёй стаяю.

Лебедзь з сілы выбіваецца,

Птушкі ажна усцяшаюцца.

Дзень ён плавае, другі-трэці дзень,

Ha чацвёрты стаў прасіць-маліць:

«Вы ўзляціце хоць на час які,

Выбіваюся з астатніх сіл.

Дайце вы грудзям, гэй, вальней ўздыхнуць!

Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!»

He паслухалі птахі лебедзя.

Пацямнела у яго ў вачах,

Крыллі ўрэшце надламаліся,

Галава ў ваду апусцілася.

І пайшоў на дно мора сіняга

Страцім-лебедзь — моцны, горды птах.

 

Ад усіх цяпер патомкі ёсць,

Ды няма адных — Страцімавых.