Калі паласу агнявую

Калі паласу агнявую

Ha захадзе сонца праводзе, -

Пакінуўшы вежу старую,

У сад каралеўна выходзе.

 

Вось чмель прагудзеў аксамітны,

Вось ярка-зялёная мушка...

I ўрэшце з краіны блакітнай

Ўлятае маленькая птушка.

 

Як чутна яна запявае,

Што ёсць i вясна, i каханне,

I шчасце без меры, без краю,

I першая горыч расстання.

 

Маркотна глядзіць каралеўна, -

Так сэрца жадае любові!

I хмурыць сувора i гнеўна

Кароль пасівеўшыя брові.