АГАТА

Помню — йшла я да ратушы хутка

Паглядзець, як гараць ведзьмакі,

Толькі чую — гукае Марутка:

«Бач, Агата, красунчык які!»

 

Ў задуменні, маруднай хадою,

Увабраны ў шалом залаты,

Ехаў ён на кані саматою,

A прыгожы,— як Юры святы.

 

Шмат адгэтуль мінулася часу...

Ах, калі бы ізноў павідаць

I каня, i убранства пакрасу,

I знаёмую сэрцу пастаць!

 

Я сяджу дзень за днём у аконца

Ды праду апрыкрылы кужэль,

I гудзіць, ўсё гудзіць верацёнца.

Як у полі далёкім мяцель.

 

Ах, чаму я, на што змарнавала

Так свае маладыя гады, —

Ах, чаму я, на што не спытала,

Хто ён гэткі, i едзе куды!

 

Толькі б зведаць — i з воску фігуру

Я найменнем яго ахрышчу,

Выйду ноччу на поле у буру

I закляцце сваё нашапчу.

 

I праз свіст, праз гудзенне вятрыска,

Цераз шум прыдарожных ракіт

Я пачую так блізка, так блізка

Гук знаёмы ад конскіх капыт.

 

He забыць мне, што спасенне трачу,

Што душу варажбою гублю,

Але знаю — яго я пабачу

I нарэшце скажу, як люблю.

 

На сайте вы можете прочитать блестящие произведения короля политического детектива Роберта Ладлэма.