МАКСIМ I МАГДАЛЕНА

Гэй, пайду ж я па вуліцы

У тое поле за аколіцу.

Ля аколіцы і плот і гарод,

Завіваецца хмялінушка.

Ды чаму ж цябе, зялёную,

Градам-дожджыкам не выбіла?

Ты, хмялінушка вясёлая,

Раскудравая хмялінушка,

Загубіла буйну голаву,

Буйну голаву Максімаву.

Максім у карчомцы гуляе,

Ён гуляе - крыж прапівае,

Да таварышаў сваіх выгукае:

"Піва-мёд у карцы налівай,

Каб лілося аж за край, аж за край,

Песню гучную ямчэе завадзі

Ды цымбаламі падыгрывай!"

Гэй, як скрыпнуць, як утнуць гапака, -

Толькі сцены захадзілі у шынка.

Струны звонка вымаўляюць з-пад рукі,

Ёмкім дробам выбіваюць хадакі.

Іх сталёвыя падкоўкі звіняць;

Ля парога людзі добрыя стаяць,

Падпяваюць, прыгаварываюць

Ды Максіма ўсё пахваліваюць.

Ён сядзіць - не памалу п'е,

Пад цымбалы у далоні б'е,

I хмяльна жа яго галава,

Мова дзіўная так-такава:

"Магда, Магдачка,

Мая кветачка-пралесачка!

Не кахацца мне, хлопу, з табою,

Ваяводы старога дачкою.

Сёння з войтам цябе заручаюць,

Рушнікі вынімаюць,

Русу косу тваю прапіваюць.

То не траўка-павіліка расплятаецца, -

Наша вернае каханніца канчаецца.

Ўжо не будзеш гуляць, як бывала,

Цалаваць, як раней цалавала,

Выхадзіць у сад апаўночы,

Глядзець ненагляднаму ў вочы.

Ты марцовага снегу бялей,

Броўкі - долі сіроцкай чарней;

Не забыць іх сэрцу ніколі,

Не бачыць да веку патолі.

Лійся, піва, цячы, як вада,

Бо пала на сэрца нуда!"

У хмялю Максім гавора, не чакае гора,

Ды пачула тыя словы шынкароўна Сора.

Ўзяла Сора да палацу шпарка пабяжала,

Ваяводзе а прыгодзе ўсё пераказала.

Гэй, як грымне ваявода у памост нагою:

"Налажы ж ты, ледацюга, буйнай галавою

Толькі ўчулі тое слугі - зараз паспяшалі,

Ланцугамі хлопу ногі закавалі,

Павялі на пляц кірмашовы,

На памост высокі сасновы.

Людзі добрыя ўкруг стаяць.

Ён ідзе-не-ідзе, супыняецца;

Белы ручанькі па баках вісяць,

Ногі борздыя вагаюцца.

Ды не жаліцца да людзей Максім,

Толькі кажа ён аб цымбалы ім,

Хоча зноў пачуць тое гранніца

У астатні раз,

У смяротны час,

На апошняе са светам развітанніца

Вокам кінуць - цымбалы дасталі,

На памост на высокі паклалі.

Устрахнуў Максім кудрамі - годзе плакаць, годзе.

Цяжка-важка, сумнёсенька ён заводзе:

"Не вятрыска са поўначы павявае -

Ціхі сон у камору ўступае,

Вочы мне стуляе, ацьмянжае.

То не птушка ў гняздзечку ўстрапянулася -

Маё сэрца улякнулася.

Снілась мне - я ўзмежкам іду,

Поруч збожжа калыхаецца,

Поруч збожжа калыхаецца,

Буйнай срэбнай расой асыпаецца.

Сёння споўніўся той нядобры сон,

Сёння споўніўся цераз дзевяць дзён:

Праз цябе, дзявоцкая краса,

Слёзы коцяцца, як буйная раса".

Ціха ўсё - толькі струны звіняць,

Толькі песня разліваецца.

Людзі добрыя навакол стаяць, -

3 болю сэрца разрываецца.

Гэй, было б табе, Максіме, не кахацца,

На вяльможную дачку не заляцацца.

Устрахнуў Максім кудрамі - годзе плакаць, годзе.

Цяжка-важка, сумнёсенька ён заводзе:

"Магда, Магдачка, Мая зоранька ясная,

Маё сонейка прэкраснае! Ой, ад сонейка

Па зямлі цвяты расцвітаюць,

Ад яго ж яны й пасыхаюць.

A ты, сонца, свеціш,

Залатое, святое,

I не ведаеш тое".

Ціха ўсё - толькі струны звіняць,

Толькі песня развіваецца.

Людзі добрыя навакол стаяць, -

3 болю сэрца разрываецца.

Гэй, было б табе, Максіме, не кахацца,

На вяльможную дачку не заляцацца.

Устрахнуў Максім кудрамі - годзе плакаць,

годзе.

Цяжка-важка, сумнёсенька ён заводзе:

"Мае дзетачкі, мае дробныя,

Вы наплачацесь, нагалосіцесь,

Бо не стане у вас татачкі!

Хто вас будзе гадаваці, адзяваці?

I ад цёмнай ночы укрываці?

Станеце вы, дзеткі, жабракамі,

Пойдзеце барамі-лугамі,

Ды гасцінцамі-дарогамі.

А дарогі тыя без канца ляжаць, -

Без канца вам, дзеткі, гора горкае цярпець".

Ціха ўсё - толькі струны звіняць,

Толькі песня разліваецца.

Людзі добрыя навакол стаяць, -

3 болю сэрца разрываецца.

А як смерцю Максіма скаралі, -

Рукі белыя да брамы прыбівалі,

Рукі белыя да брамы мястовай,

Галаву - да вежы вартовай,

Каб дажджы яму кудры мачылі,

А вятры бы сушылі,

Каб крукі прыляталі - вочы дзюбалі,

Усе бы людзі пазіралі - ды не забывалі.