ПРОСЦЕНЬКІ ВЕРШЫК

Няяркая, маленькая вясёлка

Ўкруг месяца ледзь бачна зіхаціць;

Яе не кожны нават i прыкмеціць,

Хто ў гэты час на неба паглядзіць.

Няяркая, маленькая вясёлка! –

Праз гэта ты i да спадобы мне,

Бо я адну з табою долю маю –

Зіяць ледзь бачна ў сіняй вышыне.