ЛІСТ ДА п. В. ЛАСТОЎСКАГА

Хоць значыць гэтае несць у Афіны совы, -

Усё ж такі пішу да вас, Вацлаве, словы

Нясмелага ліста.

 

          Даўно ўжо знікнуў дзень,

Ўжо стаўні замкнуты, гарыць агонь, i сцень

Ад галавы маёй са сценкі мне ківае;

У чорных рамках там сувора выглядае

Пісьменнікаў чарга; з іх кожны - блізкі друг,

Хоць i нябачаны у вочы. Светлы круг

Над імі кінула газніца. Пазіраю

Я часам на яго, a там ізноў да краю

Стала прыходзіцца схіліцца i пачаць

Ha белым аркушы далей ліста пісаць.

 

Аб драмах Пушкіна кажу я ў ім. He Мэры,

He Фаўст, не цар Барыс, a Моцарт i Сальеры

Варушаць мозаг мой. Здаецца мне, што тут

Сальеры атрымаў несправядлівы суд.

 

Халодным розумам праняўшыся, натхненне

Ен мусіў тым губіць,— так кажа абвіненне.

Сальеры ў творчасці усе хацеў паняць,

Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць,

Абдумаць спосабы, i матар'ял, i мэту

I горача любіў сваю свядомасць гэту.

У творчасці яго раптоўнага няма:

Аснова да яе — спакойная дума.

Але, але... Аднак, што шкодзіць тут натхненню?

Прыемнае дае Сальеры уражэнне.

Падобны знічцы ён: у іскрах над зямлёй

Яна ўзразае змрок лукою залатой,

Гарыць, бліскучая, ўся у агню нясецца,

A ў глыбіні сваёй халоднай астасцца.

 

Уменне да ігры Сальеры здабываў

Праз мерны, нудны труд; ці спраўдзі забіваў

Ён гэтым талент свой, як бачна з думак драмы?

Адкажа йскрыпка нам. Стаката, фугі, гамы

Шмат год калісь на ёй Сальеры вывадзіў

І моцна йграннем тым іскрыпкі зык змяніў,

Ямчэй яна гудзіць. Пявучых згукаў сіла

Праз доўгія гады яе перарабіла,

I тымі спевамі уся напоена.

Навекі чулаю зрабілася яна.

Няўжо ж душы жывой маглі бы зыкі спева

 

Ў Сальеры не змяніць, калі змянілі дрэва?

He! Працай гэтаю сябе ён развіваў.

Сальеры — верны раб, каторы не схаваў

Свой талент у зямлю. Хай судны час настане, —

Спакойна Музе ён i проста ў вочы гляне,

I будзе за любоў да здольнасці сваёй

Апраўдан Музаю i ўласнаю душой.

 

Таксама робіш ты, дума, i y паэта

Краснейшым кожын твор. Прывет табе за гэта!

Прывет мой i табе, штодзённы рупны труд,—

Гатуеш радасць ты ад творчаскіх мінут.

Табе прывет нясу, ласкавая Камэна,—

 

Натхненнем упаіў нас ключ твой Гіпакрэна.

Прывет да здольнасці пяе душа мая,

I вершы, вам прывет складаю ўрэсьце я.

Александрыйскі верш! Ты ціхі, як Эрэбус,

Хаваючы агонь пад снегам. Хто in rebus

Musarum знаецца, не можа не любіць

Тваёй паважнасці. Таму-то аднавіць

Хацелася табон мне звычай пазабыты

Эпісталы пісаць. Ну, a цяпер спачні ты.