НА МОГІЛКАХ (Рондэль)

Амур і сумны і прыгожы

Стаіць з павязкай на вачах

Ля склепу. Часам лёгкі пах

Сюды даносіцца ад рожы.

Паўсюль крыжы, вянкі... Чаго жа

Тут, дзе магілы, сцень і прах,

Амур і сумны і прыгожы

Стаіць з павязкай на вачах?

I ціха думаў я: быць можа,

Любоў, палёгшы у трунах,

Перамагла і смерці жах!

Спачніце ж! Вечна на старожы

Амур і сумны і прыгожы.