Д. Д. ДЗЯБОЛЬСКАМУ

Быць можа, пуціна жыцця

Лягла пярсцёнкам, друг.

I я ў краіне забыцця

Не раз раджаўся, як дзіця,

Прайшоўшы поўны круг.

Быць можа, я не скончу жыць,

Бо ў ім няма канцоў.

Зноў шлях знаёмы пабяжыць,

I ўсё, што мозг здалеў забыць,

Перажыву я зноў.

Быць мо, ў прасторы беза дна

Ўвесь час мой круг ляціць,

I ўся навіна та адна,

Што ў іншым месцы пуціна

Мо інакш заблішчыць.

I ў новым свеце пройдзе ўсё

Былое прада мной...

Што ж: хай канчаецца жыццё,

Хай зноў зварушыцца чуццё

Мінулай пуціной.