Пад ценню цёмных ліп

Пад ценню цёмных ліп,

схаваўшых нашу пару,

Мы йдзем праплёванай дарожкай па бульвару;

Акуркі, шалуха, паперкі пад нагамі, -

Ды ці прыкмечу іх, калі іду я з Вамі?

Праз дымчаты крышталь празрыста-цёмнай ночы

Ідушчых міма нас людзей зіяюць вочы;

У цемні к нам плывуць рубіны папяросаў,

Ліхтарні блеск адкрыў на ліпе россып росаў...

Ах, колькі ёсць красы цудоўнай поруч з намі,

Калі глядзець вакол дзіцячымі вачамі!