СРЭБНЫЯ ЗМЕІ

Срэбнымі рожкамі мгліцца

3 цёмных нябёс маладзік;

Возера плешча, бурліцца, -

Рушыцца ў ім вадзянік.

Ў хвалях гуляць выпускае

3 віру змяю за змяёй;

Вось іх грамада ўсплывае,

Срэбнай ірдзіцца луской.

Будуць яны ўсю ноч віцца,

Ў хвалях хрыбтамі блішчаць;

Будуць сціскацца, круціцца,

Гэтак да рання гуляць.

Свецячы блескам чырвонца

Праз парадзеўшую мглу,

Пусціць, уставаючы,сонца

Ў іх залатую іглу.

Згіне змяя за змяёю,

Знікне з нябёс маладзік.

Доўга па іх пад вадою

Будзе ўздыхаць вадзянік.