Пэўна, любіце вы, пане

Пэўна, любіце вы, пане, між страніц старых, пажоўклых кнігі, ўжо даўно забытай, адшукаць сухі цвяток. Пабляднелі яго фарбы, ледзь трымаюцца лісточкі... Але колькі ён прабудзіць ў сэрцы кволым пачуцця! Чаго вы цвяток хавалі, што жадалася, збылося, - ўсё ўплыве ў душы і збудзіць мілых згадак доўгі рой. У думцы зноў вы пражывеце беззваротныя часіны, і для вас каштоўным стане гэты высахшы цвяток.

Вершы, вершы дарагія! Спарадзіў я вас, маленькіх, ў час, калі мне падымала грудзі хваля пачуцця. I няхай яно з вас знікла, хай збляднелі вы, засохлі, ўсё ж вы будзіце мне згадкі, і за гэта дзякуй вам. Не абміне і чытач вас. I ў яго калісь бывала мысль супольная з маёю, тая ж хваля пачуцця. Усё калісь перажытое пакідала след у сэрцы і ляжала нерухома цёмнай залежжу, пластом. Разварушце ж, мае вершы, гэты пласт: хай згадка згадку кліча, цягне, хай чытач мой зноў былое пражыве!