ПЕСНЯ ПРА КНЯЗЯ ІЗЯСЛАВА ПОЛАЦКАГА (3 "Слова о полку Игореве ")

Ізяслаў-князь, сын Васількоў,

Даўнымі часамі

Аб літоўскія шаломы

Пазваніў мячамі:

Адняў славу ён у сваго

Дзеда, у Ўсяслава,

I улёгся нерухома

На траве крывавай

Пад чырвонымі сваімі

Роднымі шчытамі,

Увесь іссечаны, ізбіты

Ворагаў мячамі.

Усхапіў ён тую славу

I прад смерцю кажа:

"Скрыдлы птах тваю дружыну

Прыадзелі, княжа,

I звяры кроў палізалі..."

У баі крывавым

Не было ні Ўсевалода,

Ані Брачыслава.

Ураніў самотна з цела

Ён душу ўдалую

Цераз пацерку на шыі,

Цераз залатую.

Засмуцілася вясёласць,

Песні замаўкаюць,

I жалобна, сумна трубы

У Гародні граюць.