ДВАЙНЯТКІ

Нясмела я цяпер стаўлю

Пад апавяданнямі, вершамі і стаццямі

Свон подпіс — Максім Багдановіч.

 

Хачу — і саромлюся, і баюся.

I не магу паставіць Ваша імя.

А мне была б радасна да болі

Бачыць яго поруч са сваім.

 

Яшчэ дзіцёнкам я чуў,

Што ёсць на небе двайняткі-зоры,

Каторыя так блізкі <паміж сабой>

I так суцэльна зліваюць сваё святло,

Што нам здаюцца адною зоркаю.

 

Доля іх — гэта ж наша доля.

Вы, і самі тое не прыкмячаючы,

Так многа далі мне,

Так напоўнілі сабой маё жыццё,

Што <ці ж> магу я адказаць,

Заглянуўшы ў сваю душу:

Што там Ваша і што маё?

Вось чаму я пачуваю сябе вінаватым,

Калі я стаўлю пад рознымі творамі

Толькі свой подпіс — М. Багдановіч.

Але няхай жа ведаюць людзі,

Чытаючы іх,

Што гэта ім зоркі-двайняткі

Свяцілі адной зарой.

 

1914