Тая крыніца, што раньш к акіяну нясла свае хвалі

Тая крыніца, што раньш к акіяну нясла свае хвалі,

Высахла, знікла з зямлі; не ласкаюць дрыжачыя струйкі

Моцнае цела яго, бо ўзляцелі ўгару на праменнях

Парам празрыстым і там парабіліся стаяю хмарак.

Але не могуць яны пазабыць акіян многашумны –

Нат у нябёсах і стуль адбіваюцца ў гладзі люстранай.