ЛЕТАПIСЕЦ

Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,

Свой век канчае ён у манастырскіх мурах.

Тут ціша, тут спакой, — ні шуму, ні клапот.

Ён пільна летапіс чацвёрты піша год

I спісвае усе ад слова і да слова

3 даўнейшых граматак пра долю Магілёва.

I добрыя яго і кепскія дзяла

Апавядае тут. Так рупная пчала

Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак.

I бачанаму ім — ён годны веры сведак.

Што тут чынілася у даўныя гады,

Што думалі, аб чым спрачаліся тады,

За што змагаліся, як баранілі веру, —

Узнаюць тэта ўсё патомкі праз паперу!

Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, —

I вось у спомінах устане, ажыве,

Калі знайдуць яго няхітрае пісанне

Пра гэтае жыццё, надзеі, справаванне.

Так мора сіняе прымчыць да нас вадой

Бутэльку к берагу, аблітую смалой,

Ўсю ў дробных ракаўках і ў ціне. Не замала

Яна была ў вадзе і шмат чаго спаткала.

Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб'юць,

I, як трапляецца, быць мо у ёй знайдуць

Ліста. Па звычаю марскому гэтак весці

Нам, утапаючы, шлюць людзі. Ў моры гдзесьці

Загінулі яны, і, можа, соткі год

3 тых часаў працяклі, і згінуў іх народ,

I ўсё змянілася і ўжо пра іх забылі.

Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!

I людзі зведаюць аб прадзедах сваіх, —

Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх,

Каму маліліся, чаго яны шукалі,

Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі.