СКАНДЫНАЎСКАЯ ПЕСНЯ

Была Інгеборг, як сасонка, страйна,

          - Так вецер суворы пяе -

I горкую долю спаткала яна.

          - Шкада нам, шкада нам яе.

 

He слухала маткі, не чула айца,

          - Так вецер суворы пяе -

Кахала Аскара, марскога байца,

          - Шкада нам, шкада нам яе.

 

Ў чужую паехаў Аскар старану,

          - Так вецер суворы пяе -

Надоўга нявесту пакінуў адну.

          - Шкада нам, шкада нам яе.

 

Шмат дзён праняслося, шмат доўгіх начэй,

          - Так вецер суворы пяе -

Шмат слёз пралілося з дзявоцкіх вачэй.

          - Шкада нам, шкада нам яе.

 

I весткі праз рок да Аскара дайшлі:

          - Так вецер суворы пяе -

Спіць моцна твая Інгеборг у зямлі.

          - Шкада нам, шкада нам яе.

 

I цяжка Аскару зрабілася жыць,

          - Так вецер суворы пяе -

Ён кінуўся ў бой, каб дзяўчыну забыць.

          - Шкада нам, шкада нам яе.

 

I вось напаткаў ён смяротны удар,

          - Так вецер суворы пяе -

I умёр праз нявесту адважны Аскар.

          - Шкада нам, шкада нам яе.

 

Таміцца па ім Інгеборг без канца,

          - Так вецер суворы пяе -

Няма ўсё Аскара, марскога банца.

          - Шкада нам, шкада нам яе.

 

Над морам навісла скала, як сцяна,

          - Так вецер суворы пяе -

Штодня Інгеборг там чакае адна.

          - Шкада нам, шкада нам яе.

 

І бачыць нарэшце: з далёкіх зямель

          - Так вецер суворы пяе -

Ўвесь чорны Аскараў плыве карабель...

          - Шкада нам, шкада нам яе.

 

I кінулась, скрыкнуўшы, ў мора яна

          - Так вецер суворы пяе -

I ўжо не паднялася з цёмнага дна.

          - Шкада нам, шкада нам яе.

 

1915