СЕРБСКАЯ ПЕСНЯ

Хто там едзе па Касову полю?

Едзе ў полі дэлібаш адважны -

Слаўны шэршань на жуку рагатым.

Дзень ён едзе, і другі, і трэці,

На чацверты к мору пад'язджае,

Што калюжай у людзей завецца.

Затрымаўся, глянуў слаўны шэршань

I такія словы прамаўляе:

«Гой ты, коню, гой ты, жук рагаты!

Ускарміў я, жук, цябе мятліцай,

Успаіў я, жук, цябе расою.

Саслужы жа верную мне службу -

Пераскоч ты цераз гэта мора».

I прамовіў шэршню жук рагаты:

«Гаспадару, дэлібаш адважны!

He скакаць бы мне з табой праз мора.

He шукаць бы смерці перадчаснай.

Як мы з хаты ранкам выязджалі,

Гаварыла маці-шаршаніха,

Што нядобры сон ёй ноччу сніўся,

Быццам перлы ўсё яна нізала.

He іначай — будуць ліцца слёзы».

Засмяяўся шэршань, гэтак кажа:

«Стаў ты, коню, бабай шумадзійскай!

Я з маленства смерці не лякаўся,

He збаюся і цяпер напэўна».

I паслухаў шэршня жук рагаты.

Разагнаўся, напружыўся моцна,

Скакануў ён — і сягнуў праз мора,

На высокі яр якраз патрапіў!

I сарваўся заднімі нагамі

Жук рагаты з яру — аж у мора,

3-пад капытаў паляцела гліна;

Ды скакнуў ён — і адратаваўся.

Вось які быў гэты слаўны шэршань,

Ды і конь той — чорны жук рагаты!

Але шэршню ўсё яшчэ замала.

«Гой ты, коню,— кажа,— верны коню!

Мы скакнулі перадам праз мора,

Дык скакнём жа праз яго і задам».

I паслухаў шэршня жук рагаты:

Разагнаўся, напружыўся моцна,

Скакануў ён — ды у час нядобры!

Грымнуў з вышы, небарака, ў мора,

Ў сіне мора разам з гаспадарам.

Так прадчасна смерць сваю натрапіў

Слаўны шэршань, дэлібаш адважны.

He, нямашка ўжо такіх юнакаў.

 

1915