3 Э. ВЕРХАРНА ПАЎСТАННЕ

Вуліца – у руху кракоў,

Целаў, і плеч, і працягнутых рук,

Рвушчыхся дзіка ўгару, як галіны кустоў.

Так і здаецца, што тут самой вуліцы рух,

Мкнушчай, лятучай, дрыжашчай ад слёз

Злобы, надзей і пагроз;

Вечара чырвань і золата крыюць у глыбі яе.

 

Ў гуле трывожным званоў

Смерць устае.

Смерць усплывае са сноў

З вамі, агні, зіхацяшчыя саблі, штыкі:

Колькі галоў

Ўздзеты у іх на канцох, яксарваныя груба цвяткі!

 

Кашаль глыбокі гарматаў глухіх

Лічыць стагнанні цякушчых гадзін.

Лічыць самотна, адзін:

Ўсе цыферблаты на пляцах крывых.

Быццам як вочы ў павеках бальшых,

Выбіў каменняў ударыўшы град.

Часу звычайнага болей няма

Душам адважным, не маючым спыну ума,

У церазмернасці гэтых грамад.

 

На вуліц шэрыя каменні

Шалёнасць люнула ў гарэнні

Агнёў, у крыках, поўных сілы,

Са свежай кроўю кожнай жылы,

Збялеўшы страх

Ад напружэння:

Нядоўгі сіл яе размах

Варт нават века цегацення

К сталетняму свайму чаканню ў марах, снах.

 

I ўсё, аб чым калісь мы снілі,

Аб чым вачамі мы малілі,

To, што мы словам раскачалі.

Што нават смелыя адклалі

На будучы далёкі век,

Што, быццам сокі, чалавек

Ў глыбі сваёй маўчком хавае,—

Яно цяпер шмат рук з аружжам налівае,

Змяшаўшы ў грамадзе заўзятасць, злобу, здзек.

 

1913-1914