3 АВІДЗІЯ ІКАР I ДЗЕДАЛ

Дзедал пачаў чарадой прыладжываць пер'я. На сам перш

Дробныя, дальш падаўжэй, і думаць бы можна, што быццам

Пер'я на кочцы растуць. Складалася так жа патроху

3 розных няроўных кускоў чароту жалейка пастуш'я.

Далей ён ніткай звязаў сярэднія пер'я, а рэшту

Воскам зляпіў на канцах. Скрапіўшы такой працай скрыдлы,

Дзедал іх трохі сагнуў, каб да птушачых сталі падобны.

Ікар, сын едны яго, не ведаўшы, што ён бярэцца

Ў час той за згубу сваю, — ад ветру лятаўшыя пер'я

Спрытна лавіў, жоўты воск мяў рукамі сваімі і шкодзіў

Дзіўнай рабоце айца гульнёй... Калі майстар закончыў

Працу сваю, дык тады прывязаў сам к плячам сваім скрыдлы

I, размахнуўшыся, ўраз падняўся ў паветра. «О, Ікар!»

Дзедал прамовіў сынку. каб яго навучыць: «Умаляю,

Каб пасярэдзіне ты паляцеў; калі ніжай, чым трэба,

Будзеш імкнуць, дык вада твае скрыдлы памочыць. Калі жа

Вышай у неба ўзляціш, — іх сонца пякучае спаліць.

Лепей ляці між вадой і між сонцам. Прашу цябе далей,

Кінь на Геліку глядзець, на Арыона меч, на Баота.

Але за мной памандруй». Тут жа сына лятаць навучыў ён

I прывязаў да плячоў яго скрыдлы, нязвычныя людзям...

Ў час, калі Ікара так навучаў клапаціўшыся бацька,

Слёзы ў старога цяклі і дрыжалі айцоўскія рукі.

Цмокнуў ён сына свайго, у апошні раз цмокнуў і ў неба

Ўзвіўся на скрыдлах сваіх, у паветры паперадзе мчыцца.

Страшыцца ён за дзіця, як з гнязда паляцеўшая птушка

3 пценчыкам кволым сваім лякаецца ў вышы. I просінь

Дзедал сынка не адстаць, небяспечнай умеласці вучыць,

Скрыдлы варуша свае, пільнуе сыноўокія. Ў неба

Рыбу лавіўшы вудой рыбалка, пастух, што абпёрся

Кіем, аратай з сахой, — кожны з іх, здзіваваўшыся, ў неба

Пільна глядзеў, пазіраў на Дзедала з сынам і лічыў

Іх за багоў, бо адны яны могуць лятаць у паветры.

 

1911-1912