ГЕНРЫХ

У Каносе, перад замкам,

Ноччу цёмнай і дажджлівай,

На дварэ стаіць цар Генрых,

Босы, у адной кашулі.

На яго ў акно хтось двое

Пазіраюць... Месяц глянуў,

Асвяціў Рыгора папы

Брыты чэрап і Мацільду.

Пабялеўшымі губамі

Генрых «Ойча наш» шапоча,

Але злуе яго сэрца,

Нешта іншае гаворыць:

«Там далёка, ў краю родным,

Горы цвёрдыя паднялісь;

У глыбі тых гор жалеза

Пахавана на сякеру.

Там далёка, ў краю родным,

Ёсць лясы з дубоў вялізных:

3 самаго старога дуба

Для сякеры выйдзе ручка.

Край мой родны! Край мой верны!

Зродзіш, край, ты чалавека,

Што змяю майго мучэння

Ўраз заб'е сякерай вострай».

 

1909