ГАРАДОК

Над крутым берагам ціхай, светлай рэчкі, на ўзгорку, стаіць гарадок. Ен увесь — драўляны, саламяны. Са ўсіх бакоў агаражывае яго моцны дубовы тын. Таму і завецца гэтае месца «горад». Пасярэдзіне горада — пляц. Тамака сабіраецца агульная нарада мястоўцаў — «веча».

Там робіцца суд, адбываюцца кірмашы.

На відавочным месцы пляца стаяць княжацкія харомы. Яны дубовыя, выгодныя, зробленыя на два паверхі. Блішчаць іх шыбы з чырвонага, сіняга, жоўтага шкла. Стаўні, дзверы, балясіны аздоблены пекнай разьбой, памалёваны ў вясёлыя фарбы. Мястоўцы звыклі да княжацкіх харомаў і нават не дзівяцца на іх. Але сяляне, калі бываюць у гарадку, цікава пазіраюць на гэтыя будынкі.

Проці княжацкіх харомаў — драўляная цэркаўка і высокая званіца. А вакол — хаткі і хаткі, прасцюсенькія, з саламянымі стрэхамі; на шырокіх надворках — свірны, клуні, пуні, віднеюцца высокія жураўлі студняў. Па-за хаткамі — гароды. Паміж хатак разбяжаліся крывыя, вузкія вулачкі, заросшыя траўкай-мураўкай.

Вось Кавальская вуліца. На ёй нікога не відаць. Толькі дзеці сабраліся ў гурточак і водзяць карагод вакол аднаго хлапца, пеючы:

Сядзіць, сядзіць яшчур Ў арэхавым кусце...

Але з надворкаў па ўсёй вуліцы нясецца моцны грук.

Там стаяць кузні, і ўжо зрання працуюць кавалі, выраб-ляючы вострыя сякеры, нажы, калёныя галоўкі да стрэлаў і коп'яў, мячы, а таксама «шэломы» (жалезныя шап-кі), «кальчугі» (шырокія кашулі, зробленыя ўсе чыста з дробных жалезных калечак), шчыты ды іншыя рэчы, патрэбныя ў часе вайны. Калі выпадае, кавалі аздабляюць гэтыя рэчы рознымі ўзорамі, асабліва шчыты ды ручкі мячоў і нажоў. Ваякі і стральцы вельмі кахаюцца па сваёй зброі і хочуць, каб яна была не толькі добрая, але і прыгожая.

Апроч зброі, кавалі ўмеюць вырабляць яшчэ пекныя пярсцёнкі, кольчыкі ў вушы, блішчастыя запоны і гузікі, і не толькі з жалеза ці спіжу, а нават з золата і срэбра. Гэтыя рэчы купляюць амаль таксама ахвотна, як і зброю.

На другім канцы горада, каля гліністага яру, стаіць слабодка Ганчароўка. Гаспадары з яе займаюцца тым, што вырабляюць з гліны добрыя паліваныя гаршкі ды місы, адмалёваныя фарбамі ў краскі і візэрункі. Ад Ганчароўкі ідзе Кажамяцкі завулак. Гаспадары з яго не толькі абрабляюць скураты, але і не ад таго, каб пайсці часам на паляванне ды прынесці якую-колечы някупленую скуру. Ходзяць на паляванне і другія мястоўцы. Іншыя патроху аруць поле, займаюцца жывёлай і гэтак жывуць.

У гарадку ёсць і хаты з цясовымі дахамі. Там жывуць болей грашавітыя людзі: баяры, княжацкія ваякі-дружыннікі, багатыры-гандляры. Тамака жыве і свяшчэннік з цэрквы, а. Ісідар,— грэк, што над'ехаў з Візантыі. Гаво-рыць ён па-грэцку, і яго ніхто ў гарадку не разумее.

Гарадок не памясціўся ўвесь за тынам. Хаткі рассыпался і па-за ім, збягаючы ўніз, да ракі. Там стаяць рыбацкія чоўны, расцягнуты і сушацца на сонцы сеці. Часам з аднаго берагу на другі плыве паром. А вакол, куды толькі сягне вока, лясы і бары, глухія, драмучыя.

Ціхі гарадок...

 

[1916]