Без названия

Сярод глухой пушчы стаіць невялікая вёсачка. Сярод вяскоўцаў дасюль яшчэ памятаюць, як прыйшоў некалі ў гэтую пушчу, нікім яшчэ не займаную, мужык Каліна разам з пяццю сваімі дарослымі сынамі. Перш за ўсё ён зрабіў нажом на кары дрэваў зарубкі, каб адзначыць граніцы сваей гаспадаркі, і выразаў сабе вельмі ладны кавалак пушчы. Пасля пачаў кратацца каля раллі. Вырубіць глухі сталетні бор не было змогі, але Каліна даў сабе рады: запаліў яго. Амаль не на вярсту ляглі высокія сасонкі шэрым попелам на зямлю. З'явілася так званае «ляда». Тады. Каліна паставіў сабе на ўзгорку сялібу і пачаў карчаваць ляда. Шмат цяжкай працы паклаў ён на тое, каб вырубіць абгарэлыя пні, вырваць моцныя корні. Але што за буйнае жыта ўзрасло, калі ўзараў тое поле да засеяў яго. Ведама,— на цаліне, да яшчэ ўтучненай попелам. На некалькі год хваціла хлеба Каліне.

Сынаўя Каліны ажаніліся, пабудаваліся. Так вырасла тут цэлая вёсачка. Звалася яна Калінавічы.

Зямлёю яны ўладзелі супольна, працавалі на ёй усёй грамадой, а ўраджай дзялілі па хатах, сколькі ў кожную было патрэбна. (Дзяліў наперад і загадваў гаспадаркай сам Каліна, а калі ён памёр, дык яго старшы сын. Так ра-білі і іх дзеці, і ўнукі.) Апрача раллі, займаліся яны і рыба-лоўствам, хадзілі біць стрэламі цецерукоў...

Калі памёр Каліна, зрабілі дзеці па ім памінкі — трызну і пахавалі яго ў зямлі, паклаўшы туды яго лепшыя і найпатрэбнейшыя рэчы: сякеру, нож, агніво, красала і шмат іншага. Рабілі так, бо думалі, што ўсё гэтае будзе патрэбна бацьку на тым свеце, як і на гэтым. Каб успакоіць бацькаву душу, чатыры разы на год спраўлялі «дзяды», на радаўніцу насілі стравы на бацькаву магілу, каб было яму што пад'есці. Думалі, што праз гэтае бацькава душа будзе памагаць ім у гаспадарцы і адверне ад іх усялякае ліха.

I ўсе іншыя русічы таксама пакланяліся душам бацькоў. Апроч гэтага, пакланяліся яны сонцу, бо ад сонца най-больш залежала ўся іх гаспадарка, увесь іх быт...

 

[1916]