ВЯСНОЙ

Ачуняўшы ад смяротнай хваробы, з бледна-васковым, як-бысь правідным, тварам у першы раз выйшаў ён са сваей каморы і замер, глянуўшы ў даль.

Чаруючы сінімі аганькамі вачэй, стаяла там русакосая малярка Вясна, і пад тонкімі, вузкімі рукамі дзяўчыны вырастаў бяскрайны светла-калёравы малюнак. А поруч з ёй стаяў «наш вельмі шаноўны крытык NN» і, бліскаючы акулярамі, цадзіў праз зубы: «...Аднакалёрна... зялёнай фарбы занадта... і да таго ж безыдэйна... суздальскі малюнак...»

Спраўдзі, нічога асабліва новага ў твары Вясны не было: пад блакіццю небасхілу на дне балкаў гразна-снегавыя плямы, у далі сіняватая істужка туману, збоку бурая ад конскага гною пуцявіна,— а ўсё іншае заліта бледнавата-зялёнай фарбай. Кожны з нас у дзіцячыя гады шмат ба-чыў такіх мілых, бясхітрасных малюнкаў.

Ці ж не мінулае маленства, згадаўшыся, і ўсхвалявала Янышу грудзі, выціснула слёзы з вачэй? Можа і яно. А мо тое чыстае, мяккае паветра, што ціха шчакатала хілыя лёгкія, забіраючыся ў самыя далёкія, ужо адвыкшыя дыхаць, куткі; тая ўсё напаўняючая светласць, каторая п'яніла вочы; тая бяскрайная хваля ясных калёраў і зы-каў, што лілася праз яго істэрычную душу, уздымала яе і з салодкім болем пракранывалася да чуткіх пасля хваробы нерваў? Хто скажа? Невядома з чаго, але перапоўніла-ся душа яго, і чуццё, успляснуўшы за край, вылілася праз слёзы. I калі з мучанічаскі-прасвятлеўшым тварам ішоў Яныш назад, сэрца яго сагравала ўсё благаслаўляючая любоў: роўна блізкім і мілым здаваўся і выпаўзаўшы з гразнарыжага гною такі смешны чырвоны чарвяк і жавараначак, рассыпаўшыся перламі ў звонкім небе. I не менш залітага сонцам вольнага абшару радаваў залаты, пыльны сонечны прамень, прабіўшыся праз аконца невялічкай каморы, у каторую вярнуўся Яныш.

Вясёла шагаў акрэпшы Яныш па вясенняй зямлі, успаёнай растануўшым снегам, поўнай жыццёвых сокаў, каторыя так і выпіралі з яе, наліваючы кожную гібкую галіну, кожны ярка-зялёны сцебель. Незлічонымі, нявідзімымі воку дзірачкамі дыхалі маладыя, шчэ не запыленыя лісцікі дзярэўяў, а пад імі на зямлі былі кінуты лахмоцці ценяў, хаваўшых чыстае золата, каторае ясна блішчэла праз кожную іх дзіру. I не стрымаўся Яныш,— распластаўся ён на траве, і палілася яму ў душу салодкая ціхая лень, што тонкім хмелем плыла ў светлым, расплауленым сонцам паветры, адбівалася ў вачах, у мяккай беспрычын-най усмешцы,— і заваражыў яго і дрымотай агарнуў непрарыўны ласкаючы вуха шум свежых лісцяў і невядома дзе пачынаўшыся і знікаўшы чысты звон; ціха дрыжэў ён у паветры і немаведама было: ці то гладкія, белыя каменьчыкі грукацелі пад дзюрчашчай вадой; ці то пчолкі бруялі і ўторвалі ім конікі трэскам; ці далятаў з далёкага гасцінца невялічкі перазвон бомаў; ці то проста ў вушах звінела? Але і не хацелася Янышу паняць гэтае, не хацелася ні думаць, ні варушыцца. Вакол схіліліся сцебялькі зёлак. Сіненькі цвяток над самай галавою павіс і вабіў спусціцца тоўстага, махнатага, чорнага чмеля з чырвоным задком. Вышэй круціліся рознакалёравыя мухі, хісталіся галіны клянку, і праз выразныя цёмныя лісты дубоў сінела далёкае неба; пад ім маруда праплывалі бледныя хмаркі, гледзячы на каторыя можна было забыць аб руху часу...

 

[1914]