НАВУКОВАЯ I ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНАЯ СПАДЧЫНА М. БАГДАНОВІЧА

Максім Багдановіч унёс велізарны уклад у беларускае літаратуразнаўства і крытыку, хоць яго дзейнасць у гэтай галіне працягвалася не болей сямі гадоў. На інтэнсіўнае станаўленне Багдановіча як гісторыка беларускай літаратуры і крытыка дабратворна ўплывалі традыцыі папярэднікаў, у тым ліку вопыт рускай акадэмічнай навукі. Добра знаёмы з працамі прадстаўнікоў міфалагічнай школы (Ф. I. Буслаеў, А. М. Афанасьеў), псіхалагічнага (псіхагенетычнага) метада (А. А. ГІа-тэбня, Д. М. Аўсяніка-Кулікоўскі), параўнальна-гістарычнага літаратуразнаўства (Аляксей Мікалаевіч і Аляксандр Мікалаевіч Весялоўскія), М. Багдановіч тым не менш аддаў перавагу таму кірунку ў развіцці навуковай думкі, які вядомы пад назвай культурна-гістарычны (гісторыка-культурны). Тэарэтычна-метадалагічныя прынцыпы культурна-гістарычнай школы найбольш грунтоўна распрацаваны ў даследаваннях А. М. Пыпіна, М. С. Ціханравава.

У сваім развіцці гэтая школа, якую справядліва лічаць за бліжэйшую папярэдніцу марксісцкага літаратуразнаўства ў Расіі, прайшла значную эвалюцыю і зрабіла вялікі ўплыў на гісторыка-літаратурную і навукова-грамадскую думку канца XIX — пачатку XX ст. Галоўным дасягненнем школы было тое, што яна ўнесла метадалогію ў літаратуразнаўства, замацавала Сістэмнасць падыходу да гісторыка-літаратурных з'яў, у выніку чаго літаратуразнаўства набывала статус самастойнай навукі. Метадалогія ж культурна-гістарычнай школы выглядае даволі цэласна. Яна грунтуецца на прызнанні прычынна-выніковай сувязі паміж мастацкай літаратурай і грамадскім, палітычным жыццём, духоўным развіццём народа. Літаратуру прадстаўнікі школы разглядалі як форму выяўлення грамадскай свядомасці, псіхалогіі грамадства. Пільная ўвага звярталася на нацыянальную асаблівасць літаратуры, прычым не толькі на ўласна прыгожае пісьменства, але і на ўсё слоўнае мастацтва, у тым ліку на вусную народную творчасць, на этнаграфію, дакументальныя, эпісталярныя жанры, публіцыстыку, мемуарныя матэрыялы як аўтарытэтную крыніцу вывучэння побыту, псіхалогіі, нораваў, звычаяў народа. Аб'ектам сталай цікавасці прадстаўнікоў культурна-гістарычнага літаратуразнаўства побач з творчасцю выдатных мастакоў слова былі і творы меней вядомых, ават другарадных пісьменнікаў, паколькі і ў іх знайшоў свой адбітак псіхалагічны, маральны, разумовы стан грамадства.

Культурна-гістарычная школа  непрыхільна ставілася  да   тэорыі   «мастацтва   для   мастацтва»,   заўжды ддавала   перавагу  творам  рэалістычнай  арыентацыі. Рамантычныя ж формы адлюстравання ёю недаацэньваліся, што сведчыла аб пэўнай вузкасці, аднабаковасці метадалогіі дадзенай школы. Захапленне сацыяльна-пазнавальным   зместам   літаратуры   непазбежна   вяло да   недаацэнкі   яе   эстэтычнай   прыроды.   Прыгожае пісьменства  як спецыфічная форма  пазнання растваралася ў іншых формах грамадскай свядомасці, a гісторыя    літаратуры — у    гісторыі    культуры,    асветы, грамадскіх рухаў.


[1] 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17