НАВУКОВАЯ I ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНАЯ СПАДЧЫНА М. БАГДАНОВІЧА

На творчым засваенні і ўзбагачэнні найболей змястоўных пастулатаў культурна-гістарычнага метаду і адмаўленні тых прынцыпаў, якія не пацвердзілі сваёй жыццёвасці, якраз і складвалася гісторыка-літаратурная і літаратурна-крытычная метадалогія М. Багдановіча. Асноўныя метадалагічныя пасылкі школы — імкненне выявіць прычынна-выніковыя сувязі паміж гісторыяй і літаратурай, цікавасць да нацыянальнай спецыфікі слоўнага мастацтва, устаноўка на сістэмны падыход пры вывучэнні літаратурных з'яў — цалкам адпавядалі патрабаванням маладога беларускага літаратуразнаўства пачатку XX ст., якое рабіла свае першыя крокі. Галоўную заслугу Багдановіча як даследчыка трэба бачыць у тым, што ён, абапіраючыся на перспектыўныя ідэі і метадалагічныя пастулаты культурна-гістарычнай школы, заклаў трывалыя асновы нацыянальнага літаратуразнаўства і крытыкі, стварыў навукова абгрунтаваную канцэпцыю развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку XX ст. Талент Багдановіча-вучонага і крытыка роўнавялікі яго таленту мастака: у Багдановіча-паэта былі выдатныя папярэднікі і сучаснікі ў асобе Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі, А. Гаруна, а як літаратуразнаўца ён мусіў быць першаадкрывальнікам, ішоў па цаліку.

Псторыка-літаратурная канцэпцыя М. Багдановіча найбольш поўна адбілася ў яго працах «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI сталецця» (1911), «За сто лет» (1911), «(Новый период в истории белорусской литературы)» (канец 1912 або пачатак 1913), «Белорусское возрождение» (1914) і інш. На аснове вывучэння вядомага на той час фактычнага матэрыялу даследчык накрэсліў пэўную перыядызацыю гісторыка-літаратурнага працэсу, разгледзеў кожны з вылучаных перыядаў у яго важнейшых праявах, даў лаканічную ацэнку асобных помнікаў старажытнага пісьменства   і  твораў  новай   і  навейшай  літаратуры.

А галоўнае, здолеў выявіць пэўныя заканамернасці развіцця літаратуры. Ен паказаў, што беларуская старажытная пісьменнасць і слоўнае мастацтва новага часу — не выпадковы кангламерат літаратурных помнікаў і паасобных твораў, а цэласны працэс, у аснове якога ляжаць аб'ектыўныя законы, а іменна: стан, узровень літаратуры абумоўлены канкрэтнымі гістарычнымі, нацыянальна-культурнымі, палітычнымі абставінамі, у якіх знаходзілася грамадства на тым ці іншым этапе свайго развіцця.

Прытрымліваючыся метадалагічных установак культурна-гістарычнай школы, якая патрабавала перш за ўсё цэласнага, сістэмнага падыходу да з'яў гістарычнага мінулага, М. Багдановіч і пачаў сваё даследаванне з вытокаў. У «Кароткай гісторыі беларускай пісьменнасці да XVI сталецця» ён даў пераканальны адказ на пытанне, чаму беларуская літаратура развівалася нераўнамерна, не па ўзыходзячай, чаму, напрыклад, у XIII—XIV стст. яна перажывала спад, а ў XV— уздым? Ды таму, сцвярджае Багдановіч, што такімі былі гістарычныя абставіны, і даследчык закліканы раскрыць складаную рухомую сувязь паміж слоўным мастацтвам і гістарычнай рэальнасцю. Так, адным з фактараў дабратворнага ўплыву на развіццё пісьменнасці XV ст. аказаўся агульны стан грамадскага жыцця беларускага народа ў складзе Вялікага княства Літоўскага, узровень культуры, даволі высокі на той час. I сапраўды, да XV ст. культура народа «ўжо вырабілася ў асноўных чартах, ужо адстаялася», а дзяржаўнае жыццё ў княстве «адбывалася ў беларускiх нацыянальных формах» — на беларускай мове ствараліся акты, вялося справаводства, здзяйсняліся сувязі з  іншымі дзяржавамі,  у паўсядзённым  жыцці нават вялікія князі і баяры, у тым ліку літоўцы паходжаннем, размаўлялі на беларускай мове. Такім чынам, увесь лад грамадскага і прыватнага жыцця спрыяў развіццю беларускай пісьменнасці, тым болей што жывая беларуская мова паступова выцясняла з рукапісных кніг «царкоўную славяншчыну». А таму кнігі гэтыя былі болей зразумелымі, ды і «людзей, прыхільных да чытання», павялічылася. Таму невыпадкова, што і колькасць створаных у XV ст. кніг аказалася куды большай за два папярэднія стагоддзі.


1 [2] 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17