НАВУКОВАЯ I ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНАЯ СПАДЧЫНА М. БАГДАНОВІЧА

Кожная чарговая праца даследчыка не паўтарала ранейшую, а ўносіла штосьці адметнае. Нават у жанравых адносінах яна заўжды была пазначана пячаткай пошуку, замацоўвала новую форму даследавання. Так, калі жанравая прыналежнасць артыкула «Краса и сила» вы-значалася як «очерк», дык артыкул «В. Самийленко» меў назву «литературный портрет». Гэта і сапраўды глыбокі зместам, па-майстэрску выпісаны партрэт, у якім не толькі дадзена цэласнае ўяўленне пра творчасць аднаго з ары-гінальных, самабытных украінскіх паэтаў, раскрыта яго ідэйная эвалюцыя, вызначаны асноўныя этапы творчага развіцця, дамінуючыя матывы і тэмы, асаблівасці інды-відуальнай манеры і г. д. Адначасова тут быў закрануты і шэраг тэарэтыка-метадалагічных пытанняў, такіх, на-прыклад, як тыпы творчасці, асноўныя задачы крытыкі, аб'ектыўны і суб'ектыўны сэнс паняцця «змест мастацкага твора».

Па сутнасці ж артыкул «В. Самийленко» — глыбокі, паслядоўны па выкладанні думак тэарэтыка-метадалагіч-ны трактат, своеасаблівая праграма, якую Багдановіч накрэсліваў перад беларускай літаратурнай крытыкай. Яе асноўная задача — «отыскание... точки зрения», якая б аб'ядноўвала ў адзінае цэлае (і, адпаведна, вытлу-мачвала б) паасобныя кампаненты, з якіх складаецца творчае «я» пісьменніка. Зрабіць гэта крытыцы «не всегда удается, но тем не менее именно в этом направлении должны быть направлены ее усилия» (2, 184).

Цяжкасці, з якімі сутыкаецца крытык у пошуках дамінанты, што вызначае творчае «я» пісьменніка, тлу-мачацца не толькі складанасцямі творчага працэсу, але і звужанасцю традыцыйных падыходаў да вывучэння пісьменніцкай асобы, калі даследчык абмяжоўваецца эмпірычным матэрыялам, канстатацыяй фактаў. Багдано-віч абраў іншы шлях—шырокай філасофскай інтэрпрэ-тацыі прыроды творчасці, устанаўлення тыпаў светапогля-ду. Абапіраючыся на тэарэтычную канцэпцыю Морыца Лацары, які лічыў, што акрамя светапоглядаў, заснава-ных на думцы, існуюць яшчэ два светапогляды, даклад-ней, два «мироотношения», заснаваныя на пачуцці,— рамантычны і гумарыстычны, Багдановіч аднёс У. Самій-ленку да другога тыпу. 3 пункту гледжання гэтай тыпа-логіі разгледзеў творчасць Самійленкі менавіта як пэўнае ўнутранае адзінства, як з'яву цэласную. Гумарыстычнае «мироотношение» нельга зводзіць да ўласна гумарыстыкі, яно штосьці большае, усеабдымнае. Гаворка ідзе хутчэй аб прынцыпах пісьменніцкага бачання сацыяльнай рэчаіснасці, аб яго адносінах да чалавека, грамадства, аб разуменні задач і мэт мастацтва. I хоць М. Багдановіч, як і ў ранейшых сваіх працах, аддаваў перавагу рэаліс-тычнаму тыпў творчасці перад рамантычным, само разумение рэалізму зараз становіцца багацейшым, пазбаўлен-ным вузкасці.

Галоўным жа ў артыкуле аказаўся аналіз зместу твораў Самійленкі. Катэгорыя «змест» разгледжана кры-тыкам не толькі ў бытавым, але і ў навуковым, тэарэ-тычным плане. У суб'ектыўным сэнсе змест, паводле Багдановіча,— гэта ўражанне, якое пакідае твор, а ў аб'ектыўным — сукупнасць элементаў, якія робяць ўражанне. Зводзіць жа тэрмін «змест» выключна да ідэалагічных элементаў, тым болей да тэмы, Багдановіч адмаўляецца. Тут крытык, як бачым, зноў вядзе спрэчку з метадалогіяй культурна-гістарычнай школы, якая схільна была атаясамліваць змест і тэму і цаніла перш за ўсё ідэалагічную скіраванасць, а не эстэтычную вартасць твора.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 [15] 16 17