Рецензии

СПАДЧЫНА БАГДАНОВІЧА-ПРАЗАІКА

 

 

Мастацкая проза Максіма Багдановіча вывучана яшчэ недастаткова поўна. Тлумачыцца такое становішча многімі прычынамі. Адна з іх у тым, што шырокая папулярнасць Багдановіча як выдатнага паэта і пера-кладчыка міжвольна адбівалася на ўспрыманні яго празаічных твораў, адсоўвала іх на другі план. Выключэннем з'яўляюцца хіба што апавяданні «Музыка», «Апокрыф», «Сон-трава», у якіх выкладзена эстэтычнае крэда пісьменніка, раскрыты яго погляды на ролю і месца мастацтва ў жыцці народа. Але і гэтыя творы цікавілі даследчыкаў з пункту гледжання таго, як там канкрэтызаваны тэмы і матывы, скразныя для ўсёй творчасці Багдановіча. Пра іх жа самастойнае значэнне як твораў, прыналежных да мастацкай прозы, гавары-лася між іншым, бегла. Паказальны факт: Багдано-вічава проза — у супрацьлегласць яго вершам — ні разу не выходзіла асобным выданнем. Яно І зразумела: у свядомасці прыхільнікаў беларускага прыгожага пісьменства М. Багдановіч — зорка першай велічыні на небасхіле айчыннай паэзіі, выдатны майстар паэтычнага слова. I ў цені аўтара «Вянка» неяк губляліся яго празаічныя творы і нават літаратурная крытыка і публіцыстыка.

Стрыманыя адносіны літаратуразнаўцаў да Багда-новіча-празаіка  тлумачацца  яшчэ  і  тым,  што  шэраг яго празаічных твораў на працягу доўгага часу заста-ваўся невядомым даследчыкам і чытачу. Маюцца на ўвазе перш за ўсё апавяданні, апублікаваныя ў яра-слаўскай газеце «Голос» пад псеўданімамі Эхо, Ив. Февралёв. Здабыткам літаратурнай грамадскасці некаторыя з іх сталі нядаўна — у часопісе «Неман» (1989. № 12. С. 95—114).

На аснове зместу апавяданняў «Преступление», «Чудо маленького Петрика», «Колька», «Калейдоскоп жизни», «Именинница» аўтар рэдакцыйнай нататкі ў «Немане» слушна сказаў, што «вялікі беларускі паэт Максім Багдановіч мог стаць не абы-якім празаікам, калі б пражыў даўжэй за свае няпоўныя дваццаць шэсць гадоў» (Неман. 1989. №12. С. 95). I сапраўды, выяўленыя апавяданні дадаюць новыя штрыхі да твор-чага партрэта пісьменніка.

Што ж увогуле ўласціва мастацкай прозе Багдано-віча? Якія яе асаблівасці ў параўнанні з творамі іншых празаікаў нашаніўскай пары? Адразу бачна, што Баг-дановіч не паўтараў вядомых на той час празаічных узораў Я. Коласа, Ядвігіна Ш., М. Гарэцкага, 3. Бядулі, а імкнуўся ісці сваёй дарогай, шукаў сваю тэму. Такой тэмай стала для яго тэма адухоўленай Красы, сама-адданага служэння мастака народу. Непадкупны, высакародны музыка, герой аднайменнага апавядання, чароўнымі гукамі абуджаў прыгнечаны люд ад цяжкага сну, клікаў яго да лепшага жыцця. «I людзі падымалі апушчаныя голавы, і гневам вялікім блішчалі іх вочы». Аднак трагічным аказаўся лёс народнага заступніка: «злыя і сільныя людзі кінулі яго ў турму, і там скончылася жыццё яго».


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 [38] 39 40 41 42 43 44 45