ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ АРТЫКУЛЫ

§ 2. Спачатку на Беларусі, як і ў іншых расійскіх краях, пісалі толькі так званай царкоўнаславянскай мовай, каторай, аднача, ніякі славянскі народ не гаварыў. За-нясло яе да нас хрысціянскае духавенства, браўшае патрэбныя для царквы кнігі ад балгар і сербаў, бо расійскія славяне ўласнай граматы вытварыць не здолелі. Пісаліся ж гэтыя кнігі царкоўнаславянскай мовай, каторая можа, і мела б права называцца ў свой час агульнарасійскай, бо калісьці ўжывалася ўсімі граматнымі рускімі людзьмі. Найвялікшую частку іх складалі асобы з духавенства, іншы раз не расійцы родам і, канешне, узгадава-ныя ў царкоўнай славяншчызне. Гэтае апошняе наклала яркае кляйно на тагачасную пісьменнасць: яна амаль што не ўся ўкладывалася ў вузкія рэлігійныя межы; новыя галіны яе, як, напрыклад, летапісі альбо творы да гасударственнага пажытку, вырабленыя кніжнікамі для кніжнікаў, з'яўляліся ўсё ў тэй жа царкоўнаславянскай мове . I доўга, як нікчэмны пясок, наносным, асобным, маруда зліваючымся слоем ляжала гэтая пісьменнасць на сваім тлустым падглеб'і — народнай гаворцы,— але зусім не злівацца яны не маглі. Увесь час у кніжную мову прасачывалася, урастала народная і, павэдлуг абасаблення трох расійскіх культур, разрывала яе на тры часці, кожная з каторых вырабляла ўласны нацыянальны выгляд. Такім парадкам фарміраванне нашай пісьменнасці было марудым, але ўсё ўзрастаючым усасываннем краёвай царкоўнаславянскай пісьменнасцю беларускіх народных слоў і зваротаў, каторыя, накапліваючыся на працягу сталеццяў, нарэшце, у корані перарабілі яе. Але была і яшчэ адна пуціна: з цёмных глыбін народнай творчасці магла ўсплыць наверх і адзначыцца на соннай гладзі пісьменнасці тая альбо іншая рэч. Зрабілася такое здарэнне, праўда, толькі адзін раз, але з яго і пачынаецца гісторыя беларускай пісьменнасці.

§ 3 1975 гаду быў знойдзен маскоўскі зборнік (XVI сталецця), у каторы паміж іншым увайшло і «Слова аб палку Ігараве», вытваранае каля XII века на Паўдзённай Русі. Яно неакуратна злеплена з рознакалёрных  незалежных адзін ад аднаго жавалкаў. з'яўляўшыхся ў розныя часы і ў розных месцах; папалі туды і два заходнерасійскія паданні, так жа сама не маючыя нічога суполь-нага з аснаўным ядром «Слова» і, безагаворачна, пры-мазаныя да яго, як калісьці ўмазывалі вялізныя каменні ад старадаўніх разваліўшыхся муроў у пазнейшыя будоўлі. Абодва яны пачалі ўжо перарабляцца ў песні, калі былі на паўпуці зупынены і недаразвіўшыміся засушаны на паперы, як цвяткі якогась гербарыя. Але і такімі ква-пяць нас гэтыя творы, дзе, нагадываючы асобнасці загавораў, пад наплывам чуцця знікае звычайнае сцапленне слоў, усюды прабіваецца хоць і змяняючыйся, але напружаны рытм, выклад робіцца сціснутым, мова моцнай, і ўжо пачынаюць фарміравацца пекныя вобразы. Пазнаёмімся ж з абодвымі гэтымі заспіртованымі зародышамі, зберагаўшыміся сотні год.

Песня пра князя Ізяслава, каторы «пазваніў мячамі аб шаломы літоўскія ... а сам, ізрублены, пад чырвонымі шчы-тамі, на крывавай траве, усхапіў на гэтае ложка славу і прамовіў: «Дружыну тваю, княжа, скрыдлы птах прыадзелі і звяры кроў палізалі». Песня гэта наўсягды астанецца надзвычайным прыкладам згушчонасці пачування, сціснутасці руху выкладу. Быццам стрымовываючы кожным словам душэўнае хваляванне, расказана цэлая жыццёвая драма і расказана так, што нічога не можна прыбавіць альбо адкінуць.

Другая песня-казка апавядае ўжо пра князя Усяслава, каторы «атварыў вароты Ноўгарада, расшыб славу Яраслававу і датаркнуўся кап'ём да залатога трону Кіеўскага»; яна, праўда, не мае такой стройнасці ў агульнай будоўлі выкладу, як першая, але затое проста перапоўнена вобразамі і сраўненнямі, каторыя ўсе — з пачатку да канца — узяты з мужыцкай глебы, з быту народа-земляроба, пракладваючага свае боразны сярод бяскрайных лясоў; толькі ён, загублены ў драмучых пушчах і балотах, мог на працягу некалькіх строк столькі раз успамянуць адзін і той жа выраз «скакнуў лютым зверам», «скакнуў воўкам», «воўкам рыскаў», «воўкам пуціну перабягаў». Толькі народ, усімі думкамі, усім рухам жыцця свайго прыкуты да хлебаробства, мог апісываць бітву ў такіх словах: «На Нямізе (рацэ) снапы сцелюць галавамі, мало-цяць цапамі харалужнымі, на таку жыццё кладуць, веюць душу ад цела. Нямігі крывавыя берагі не збожжам былі пасеяны — пасеяны касцямі рускіх сыноў». Вось да якой моцнасці і вобразнасці выкладу дайшоў беларускі мужыцкі народ, вось якія краскі паэзіі ўзрасталі калісьці на яго палях!


1 2 3 4 5 6 7 8 [9] 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46