ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ АРТЫКУЛЫ

II

 

Другім цікавым з'явішчам у беларускай пісьменнасці апошняга года была кніжка твораў Я. Коласа — «Песні жальбы». Цэльнай выглядае яна па светагляду, моцна зросшыміся адзін з адным здаюцца яе вершы, але ёсць у ёй і якаясь акамянеласць: на працягу аж 4-х гадоў Колас не зрабіў значнага кроку ўперад і ў самых апошніх вершах пяе аб тым жа і так жа, як і ў пачатку сваей працы. Ведама, турэмнае жыццё    не дае яму развівацца і павялічыць круг сваіх тэм. A іх у Коласа вельмі мала: бедныя абразы роднага краю, доля нашага народа, турэмныя думкі і жыццё — вось, здаецца, і ўсе тэмы яго твораў. Ужываючы іх бадай шмат разоў, ён не можа не паўтарацца не толькі ў агульным змесце вершаў, але і ў асобных фразах і абразах.

Напрыклад, яшчэ ў № 3 «Нашай долі» (1906 г.) мы чыталі, што «На камінку корч пылае», але зусім гэтак жа пылае ён і ў вершы «Маці», гляньма на верш «У школу» і там пабачым «Ярка на каменку смольны корч пылае». Гэтакія паўтарэнні яшчэ болей павялічываюць аднатоннасць вершаў, і без таго не блішчучых ані красой формы, ані яркасцю мовы, ані абразнасцю зместу. Асабліва даецца ўсё гэтае ў знакі ў апісаннях (на наш пагляд — самай слабай часткі зборніка), бо як артыст-маляр Колас не стаіць вельмі высока, і не ў пекнасці формы, мовы ці малюнку хаваецца цэннасць яго вершаў, але ў праўдзівай — далёкай ад усякай фальшы — любві да бацькоўшчыны; гэтая любоў, як цудоўная жывая вада ў казках, ажыўляе іх і робіць роднымі, блізкімі ўсякаму, у кім яшчэ ёсць душа жывая, хто не забыўся аб долі свайго народа, а мо і сам перажывае апісанае ў гэтых вершах. На жаль толькі, выключна лірычны талент Коласа рэдка падымаецца да асаблівай сілы пачуцця; але там, дзе мог развярнуцца лірызм паэта, разбуджаны жывымі праў-дзівымі пачуваннямі (гл. у «Песнях жальбы» аддз. «Думкі», «3 турмы»),— там ёсць і такія рэчы, як «Песня нядо-лі», «Восенны дождж», «Гусі», «Восень», «Ўюцца думкі», «3 турмы» і інш. Можна б паказаць, што там ці сям паміж іх спатыкаюцца русіцызмы, што апошні верш нагадывав А. Талстога («Край мой, край...»), але гэта ўжо драбніцы, і, нягледзячы на іх, памянёныя вершы, як і сам Колас, павінны заняць пачэснае месца ў нараджаючайся беларускай пісьменнасці.

Руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча; куды ні зірні — усё той жа куртаты змест, гумар каторага зусім знікае ў надзвычайна расцягнутых вершах, усё той жа валючыйся з ног рытм, тыя ж абыяк толькі падабраныя рыфмы. Есць і русіцызмы, ёсць і зусім незразумелыя месцы. Мусіць, і сам Паўловіч разумее духоўную і артыстычную беднасць сваіх вершаў, бо, згуртаваўшы іх летась у зборнічак «Снапок», шмат чаго туды і не памясціў; але і пасля гэтага вартасць кніжкі асталася вельмі невялікай. Праўда, ёсць у ёй і добрыя бакі: першае (што можна сказаць і аб усіх нашых пісьменніках),— ён так ці сяк, але апрацовывае беларускую мову і, працуючы ў ёй, нават і слабым вершам дае беларускаму чытачу болей, чым добры, але чужаземны паэт. Апроч таго, ёсць у Паў-ловіча колькі вершаў, каторыя сведчаць, што ён мае змогу быць праўдзівым паэтам, толькі шмат працы трэба для гэтага і над формай верша і над развіццём свайго духоўнага зместу.

Што да Багдановіча, то і ў ім непрыкметна шпаркага развіцця, хоць асобнасці яго таленту выступаюць ужо даволі ясна. Гэга паэт-маляр. Слабы як лірык, ён усю сваю ўвагу звяртае на абразнасць зместу вершаў і разам з тым клапоціцца аб згушчонасці яго, спадзяваючыся пры-даць ім праз гэта асаблівую сілу, але, сціснутыя па-вэдлуг такіх заходаў, вершы іншы раз заміж малюнка даюць якісь абрывак яго. Што варта гэтая праца сказаць пакуль што цяжка, а таму, адзначыўшы даволі шырокі круг тэм у гэтых вершах і бледнасць мовы іх, я пераха-джу да другарадных паэтаў.


1 2 [3] 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46