ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ АРТЫКУЛЫ

 

*

 

Глянуўшы адразу на ўсю беларускую пісьменнасць, бачым, што за апошнія гады сярэдняя вартасць твораў падвышаецца, што цяпер кожны піша так, як некалькі год назад маглі пісаць найлепшыя пісьменнікі нашы. А гэта можа значыць адно: тое, што ў нас вырабілася літаратурная мова. Кожны, хто працаваў над гэтым, зразумее, з якою радасцю я пішу гэтыя словы. Але мала таго: мы бачым, што сталыя пісьменнікі развіваюцца, да іх прылучаюцца маладыя сілы, вынікаюць новыя тэмы і новыя спосабы абработкі тэм, адзін за адным з'яўляюцца каштоўныя творы. Не трэба цяпер, канечна, ісці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцця, душу радуючай красы. Не трэба, бо і ў саміх ёсць. Мала таго, самі яны могуць да нас звярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, не знойдзецца ў іх. I гэта не толькі таму, што ў нас ёсць пісьменнікі зусім асобнага духу, як, напр., Купала, Гарун, Ядвігін Ш., Власт, Бядуля ды інш. I не толькі таму, што яны апісываюць беларускае, мала дзе вядомае жыццё. Не, і апрыч гэтага знойдзецца шмат чаго, вось хаця б і нацыянальнае пачуццё; не звінелі, ды і не могуць зазвінець у расійцаў, напрыклад, яго струны так, як у нашай пісьменнасці. I ясным робіцца праз гэта, што не толькі нашаму народу, але і ўсясветнай культуры нясе яна свой дар.

P. S. Мы казалі толькі аб тых творах, каторыя (калі не лічыць кнігі ды 2—3 вершы Паўловіча) з'яўляліся або ў «Нашай ніве», або ў «Маладой Беларусь. Але апрыч іх выдаецца яшчэ газетка «Bietarus», каторая да таго ж абвясціла раз, што ў рэдакцыі яе ёсць людзі, здатныя пісаць пекныя вершы і апавяданні. Аднак нямаведама чаму гэтыя людзі пакуль што яшчэ не друкаваліся, а заміж іх памяшчаў свае творы нейкі паэта Антон Б., у каторага няма ані паэзіі, ані нават разумения, што такое беларускі верш. Шмат вершаў піша і А. Зязюля,але аб ім можна сказаць толькі тое, што, напэўна, сказана ў яго пашпарце: «Каталік. Асаблівых прыкмет не мае». У аднаго толькі П. Простага ёсць праўдзівая здольнасць. Глаўная вартасць яго — у стройным развіцці думкі ды ў сціснутасці і гучнасці мовы, надзвычайна пекнай па сваему складу. Але надрукаваў ён усяго 2—3 рэчы, ды і тыя былі невялічкія. Больш у «Bielarus'e» згадаць няма чаго.

 

[1913]


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 [21] 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46