ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ АРТЫКУЛЫ

Як і ў 1909 гаду, найбольш увагі звяртае на сябе Я. Купала; звяртае не толькі велічынёй сваёй здольнасці, але гібкасцю яе, здатнасцю да ўсестаронняга развіцця. Гэта бадай адзіны наш пісьменнік, каторы ідзе ўперад, вядзе нейкую ўнутраную працу, і, зрабіўшы ці мала, не супыняецца аж да гэтага часу. Каб даць паняцце аб усёй моцы жыццёвых сокаў яго таленту, мы на мінуту вернемся аж да першых крокаў яго пісьменніцкай працы.

Пачаў ён з шурпатых вершаў, амаль не зусім зліваўшыхся з тагачасным слоем беларускай паэзіі; напісаныя пад Бурачка, залішне расцягненыя, слаба апрацаваныя з боку формы і мовы, яны ўвесь час перапявалі некалькі адных і тых жа тэм. Але не кволасць таленту, а толькі як бы нейкая нядбаласць выглядае зусюль: бо чым, апрыч нядбаласці, можна вытлумачыць з'яўленне хоць бы такіх слоў, як «Спалі вас, песні, дым (?) чырвоны (?)» («Жалейка», стр. 134), «Гарыста яна» (Беларусь) (стр. 102), «Барабаніў плуг» (стр. 104) і т. д. I ўсё ж такі ці можна за гэта Купалу вельмі вінаваціць? Захоплены абразом прападаючай Беларусі і лічачы, што пясняр перш за ўсё павінен быць грамадзянінам, ён усю ўвагу звяртаў на тое, што казаў, не цікавячыся зусім, у якія формы і як выліваліся яго думкі. I што б там ні было, а ўсё ж такі ён будзіў гэтымі вершамі душы чытачоў, дый не толькі таму, што ліліся яны з шчырага сэрца і ў роднай мове: не, і тады ўжо ў яго творах відаць было незвычайны паэтычны талент. Не раз і не два прабівалася там яркая і моцная думка, пара-другая поўных пачуцця і зычных вершаў, хаця яны, праўду кажучы, зараз жа і знікалі, быццам і з'яўляліся толькі для таго, каб лепш кідалася ў вочы агульная слабасць вершаў.

Тое ж самае, здаецца, прыйшлося б сказаць і аб «Адвечнай песні» — паэме, выданай у апошнім гаду, але напісанай яшчэ ў 1908 г. Гэтая пацерка з невялічкіх гутарак-вершаў зусім збіваецца на «Жалейку»: змест іх той жа самы, форма, праўда, гладзей, але не вельмі,— і ўсё ж такі яны пакідаюць глыбейшы след у душы чытача; увесь сакрэт гэтага ляжыць у цэльнасці іх, бо размешчаны павэдлуг аднэй і тэй жа думкі і ўвесьчас дапаўняюць, падтрымываюць адзін аднаго. Усё жыццё мужыка праходзіць перад нашымі вачыма, і няма там ніводнага моманту, каб не ліліся слёзы, і няма ніводнага пуц'і да лепшай долі, няма нічога лепщага за смерць... Бязвыхаднасць, безнадзейнасць — вось што чуваць ва ўсёй паэме, што цяжкім камянём кладзецца на душу чытача пасля кожнай праявы. Некалькі іншым тонам напісана толькі «вяселле»,— бадай ці не найлепшая частка паэмы. Калі што яму і шко-дзіць, дык мо толькі такія словы, як «кадрыля», «парад» і т. п., а ўсё другое — і бойкі рытм, і рыфмы на сярэдзіне строк, і нават нейкая грубаватасць вельмі жывой мовы — усё на сваіх месцах, усё надта добра падабрана да зместу. Што датыкаецца да найслабейшага боку паэмы, дык — на наш погляд — гэта грубы сімвалізм , прыпамінаючы дзеякія кепскія месцы з твораў расійскага пісьменніка Л. Андрэева.

Але на «Адвечнай песні» Купала не затрымаўся. Так, у палове 1909 г. яго талент, дасюль глуха клакатаўшы пад шэрай карой «Жалейкі», прабіўся на волю і паказаў, якую ён таіць красу і моц, бліснуўшы такімі вершамі, як «Жніво» («Наша ніва» № 29), «Ноч за ночкай ідзе» («Н. н.» № 37), «Адгукніся, душа» («Гусляр», стр. 10), «А як мы з хаткі выходзім» («Гусляр», стр. 14), «Зазімак»  («Гусляр», стр. 52), «Памяці С. Палуяна» («Гусляр», стр. 55) і др. Праўда, вершаў цаліком добрых з боку формы ў Купалы і цяпер яшчэ няшмат, да таго ж і змест іх не адзначаецца асаблівай глыбінёй і надзвычайнасцю, складаючыся з старых грамадзянскіх і горкаўскіх матываў ды з водгукаў так званага мадэрнізму; але ўсё ж ткі талент Купалы ўзрастае, пашырае круг сваіх тэм і ўжо не галосіць (ці — лепей — не толькі галосіць), а ўжо павявае смеласцю, жыццёвай сілай і пагардай. Гэтая перамена зместу адбілася і на форме вершаў Купалы, асабліва на іх важнейшым, усё ажыўляючым нерве — моцна забіўшым рытме. Буйны, шпаркі, ён падмывае, захоплюе чытача, гіпнатызуе яго, не дае апамятавацца, затрымацца і нясе яго ўсё далей і далей. Бадай-што ўва ўсіх леташніх вершах Купалы б'ецца ён з вялікай сілай і гуртуе вакол сябе ўсё іншае ў іх. Каб здаволіць яго разгон, канцы строк аж звіняць, з'яўляюцца рыфмы і пасярэдзіне верша, нават словы да яго падбіраюцца зычныя, моцныя; а калі ў мове сталеццямі гнуўшагася беларускага народа не хватае іх, дык Купала ўжывае новыя, выкаваныя ім самім, ні ў жаднага нашага паэты няма такога багатага славара, як у Купалы. Мала таго: нават і дзе-якія слабыя бакі яго вершаў маюць прычынай усё тую ж буйнасць моцнага рытму. Захоплены ім, Купала не ацэнівае акуратнасці сваіх слоў, кідаецца да першых папаўшыхся і нярэдка прыносіць сэнс верша ў ахвяру яго зычнасці. Лепшы прыклал таму — даволі харошы верш «За годам год» («Гусляр» , стр. 21), збудаваны на адназычнасці, на паўтарэнні адных І тых жа рыфмаў і слоў, чым ён вельмі прыпамінае барматанне яко-гась цёмнага загавору (глядзі так жа верш «Гусляр» — стр. 5 і др.). Яшчэ непрыемней робіцца, калі Купала пробуе туману сваей думкі прыдаць від асаблівай глыбіні, як, напрыклад, у вершы «Знямога» («Гус», стр. 20). Хай добрай перастрогай для шаноўнага пісьменніка будзе доля вельмі падобнага да яго расійскага паэты С. Гарадзецкага, каторы якраз на такіх вершах загубіў свой свежы талент.


1 [2] 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46