АПАВЯДАННЕ АБ ІКОННІКУ I ЗАЛАТАРУ, ЛЮДЗЯХ МУДРЫХ I КРАСАМОЎНЫХ, КНІГАЛЮБЦАМ НЕЙКІМ ДЗЕЛЯ СЛАВЫ БОЖАЙ ДЫ РАЗМНАЖЭННЯ ДАБРА ПАСПАЛІТАГА ВЫКЛАДЗЕНАЕ

Дасюль яшчэ людзі дасведчаныя і сталыя, а памяццю цвёрдыя, тыя часы ў існаванні слаўнага места Віленскага, зайздруючы, згадываюць, калі мыта салянічае на соль простую і ледаватую ў двакроць паменшана было. Тады ж мяшчане віленскія з ласкі яго каралеўскай міласці і прывілей атрымалі, каб тры дні штогод перад святам нараджэння Ісуса Хрыста мёд варыць вольна, ні капшчызны, ані васковага да скарбу не плоцячы.

Водлуг гэтага ў Вільні за звычай стала гадзіну-другую ў бяседзе за келіхам мёду хатняга сцерці. Таксама і залатар Антон Корж, майстар скрозь паважаны, да крамы сваёй, на Нямецкай вуліцы збудаванай, часам таго абоіншага са знаёмых запрашаў, каб вечар зімовы прыстойна ўдвух скаратаць. Гэткім чынам і ў дзень святой Харыціны, каралевы літоўскай, на покуці крамы залатарскай госць, Раман Якубовіч, чалавек добры і рахманы, за карцом поўным ушчэрць сядзеў.

Яшчэ ў моладасці ўзяўся ён постаці пана бога, яго прачыстае маткі і рожных святых вучыцца маляваць, фарбы кволыя на дашчэчках кляновых, гладка выструганых і крэйдай загрунтаваных, з малітвай у сэрцы накладаючы. Пяць год яму вучнем давялося быць ды два гады — падмайстрам; а як тэрмін гэты скончыўся, тады Якубовіч, звычай спаўняючы, са старшай дачкой гаспадара свайго, Агатай, жаніўся і, звання майстра такім парадкам справядліва дайшоўшы, усягды цяпер заработак меў. Уважаючы на гэта, нават і пан Корж яго да сябе запрашаў, хоць, ведама, іконнік залатару раўнёй быць не можа і таксама ад яго розніцца, як, прымерам кажучы, фарба трохграшовая ад золата угорскага, у агні пяць разоў ачышчанага. Але Корж, крамар заможны і паважаны, на свеце незамала пажыўшы і шмат чаго зведаўшы, людзямі ніколі не пагарджаў, гонару свайго, аднак, ні ў чым не змяшпаючы. Так і цяпер ён, мёд цёмна-буршты-новы смакуючы, словы госця свайго ўважліва слухаў.

— Чуткі да мяне дайшлі,— гэтак прамаўляў іконнік Раман Якубовіч,— быццам Сальватор Роза, майстар умелы, а ў працы рупны і здольны, да нашага краю з зямлі Італійскай прыехаўшы, абразы на мурах цэркваў полацкіх з вучнямі сваімі малюе, старыну ў маляванні гэтым рухаючы, а навіны ўводзячы. Дзеля таго абразы тыя ад даўнейшых шмат чым розняцца, і гэтае людзям, у старыне цвёрдым, а да цэрквы божай прыхільным, сталася вельмі не да спадобы.

Ды яшчэ кажуць, быццам італіец той, аб красе толькі дбаючы, а на збаўленне душы сваёй забыўшыся, паганскіх багоў і шмат чаго іншага малюе, аб чым іконніку добраму лепш нават І не думаць. Нічога гэтага ў жоднага з майстроў часу старага, а нам у прыклад стаўшага, пабачыць няможна. Найгорш жа тое, што іконнікі полацкія звычаю рускага, а ў працы здольныя і дасведчаныя, навіны гэтыя пераймаюць ды да таго ж і людзей усякіх, нават роду паспалітага, а таксама і рэкі, бары і лугі і шмат чаго іншага малююць, і час і працу сваю праз усё гэтае марне трацячы. Бо, здаецца, кожны зразумець можа, што святая ікона пана бога, хаця б і зусім няўдала зробленая, бязмерна больш варта, чым са пся якога-небудзь малюнак найлепшы. Але майстры тыя на гэта не ўва-жаюць, а таму іконапісь прыстойная і да старасвецкіх звычаяў прыхільная ў Полацку падупала, праклятым недаверкам на радасць, а ўсім людзям добрым на жаль і гора вялікае.


[1] 2