АПАВЯДАННЕ АБ ІКОННІКУ I ЗАЛАТАРУ, ЛЮДЗЯХ МУДРЫХ I КРАСАМОЎНЫХ, КНІГАЛЮБЦАМ НЕЙКІМ ДЗЕЛЯ СЛАВЫ БОЖАЙ ДЫ РАЗМНАЖЭННЯ ДАБРА ПАСПАЛІТАГА ВЫКЛАДЗЕНАЕ

Тады, бачыўшы, што іконнік гутарку сваю ўжо скончыў, пан Корж карэц з мёдам на бок пасунуў і, не спяшаючыся, пачаў гаварыць:

-  Можа стацца, лепей бы мне аб гэтым не размаўляць, бо не столькі я фарбы і пэндзлі, сколькі рэчы свае залатыя і срэбныя ведаю, аздабнейшых ад каторых ні ў Вільні, ані ўва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім не знойдзеш. Але не варт, усягды мне здавалася, рэч якую-небудзь толькі таму ганіць, што яна для нас за навіну прызнацца павінна. Бо ўсё тое, што цяпер навіною завецца, праз час які старыною мае быць, для людзей усіх станаў - звыклай, а ўшанавання і абароны годнай. Я, дзеля працы сваёй незамала паездзіўшы, і ў чэхах, і ў немцах пабываўшы, шмат чаго на вяку сваім па краінах далёкіх бачыў. Малюнкі тыя, што Сальватор Роза з іконнікамі полацкімі робіць, там скрозь звыклы, і нікога ўжо яны не дзівуюць, людзям усім, дзеля красы сваёй, у спадобе стаўшы, а майстрам здольным славы і гонару прыдаючы. Тое ж і ў нас, напэўна, мае стацца, калі навіна старыною зробіцца, так што, мабыць, тады людзі полацкія Сальватора Розу шанаваць будуць, хоць нам цяпер гэта і непадобным да праўды здаецца.

-   Гэтаксама і думку, быццам ікона ўсягды вялікшую вартасць ад іншага малявання мае, я за несправядлівую мушу ўважаць. Бо не тое, каго майстар малюе, а толькі тое, як ён гэта робіць, толькі здольнасць і ўлежнасць яго могуць малюнку хвалу і каштоўнасць надаваць. Ікону з Острабрамскай маткі боскай, майстрам рупным і добрым памаляваную, за восем або за дзесяць грошаў літоўскіх купляюць, а за тую ж ікону працы вучня няўмелага нічога не даюць. Вось жа вартасць малюнка толькі ад хараства ў выкананні яго залежыць, што, звычайна, кожны іконнік лепш ад мяне ведаць павінен.

Так гаворачы, залатар скрыню дубовую, жалезам аку-тую, адамкнуў і, дзве ліхтарні срэбныя адтуль дастаўшы, на стол іх з каганцом поруч паставіў і тады сказаў:

— Чалавек разумны да прыкладаў розных ахвотна звяртаецца, думку сваю выкладаючы; іх жа і цар Саламон ужываў, як аб тым пісьмо святое нам кажа. Таксама і Цыцэро і Арыстотэль, людзі мудрыя і ў філасофіі дасвед-чаныя, хоць верай праўдзівай і не асвечаныя, да прыкла-даў вельмі склад маючы, заўшэ з іх карысталіся.

Дзеля таго і я, думкі свае як след растлумачыць жадаючы, ліхтарні гэтыя за прыклад узяць хачу. Роўную яны вагу маюць і з таго ж самага срэбра адліты былі, але ўсё ж ткі адна з іх у семкроць болей другой каштуе, бо аздоблена з умеласцю надзвычайнай. Водлуг жа таго, што ўмеласць і здольнасць тыя толькі ў выглядзе рэчы, або, як іншыя цяпер кажуць, у форме яе з'явіць можна, прызнаць мы мусім, што каштоўнасць вырабаў прыгожых адно толькі праз красу іх форм узрастае і толькі красою форм каштоўнасць тую мераць можна.

Ува ўсім гэтым праз працу залатарскую як найлепей павінны мы праканацца. Бо чым болей ад работы майстра формы рэчы прыгажосці набіраюць, тым каштоўнейшай рэч гэтая пачынае рабіцца. Таксама І здольнасць майстра тым большай трэба ўважыць, чым лепшую форму кавалку срэбра або золата прыдаць ён здолен. Вось чаму я, хрысціянін не згоріны ад іншых, рэчы свае иырабляючы, адно толькі красу формы пільную ды не думаю аб тым, нашто нанізкі залатыя мае нойдуць: ці то на аздабленне фігуры маткі боскай, або піяка і распуснік які на пакрасу сваю ўжываць іх будзе.

Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Але ўжо ноч настала, і варта па вулках ішла, усім загады-ваючы, з наказу пана войта, агні гасіць і дзверы зачыняць. Таму іконнік і залатар, вечар прыстойна ў бяседзе правёў-шы, краму замком нямецкім моцна замкнулі і развіталіся між сабой, у думках жадаючы, каб дзеля спажытку сэрцу і розуму таксама і далей удвох схадзіцца.

Рукапіс гэгы, пісаны гаворкай нашай старажытнай,
адшукаў і словамі сучаснымі перапісаў
Максім Багдановіч. [1914]                                                                          


1 [2]