Дождж у полі і холад

Дождж у полі і холад... Імгла...

Дзесь у вёсцы міргаюць агні.

Там, злякаўшысь, схавалась, лягла

Доля горкая ў чорным цяні.

I пад цёмнымі скрыдламі ночы

Не убачаць цяпер яе вочы.

Толькі вецер асенні, начны

У полі сумна гудзіць і пяе

Аб радзімай старонцы глухой

Ды аб долі няшчаснай яе.

Цісне сэрца мне песня начная...

Хай жа голасна вецер спявае,

Хай пяе ён у роднай зямлі,

Каб у сэрцах нам сорам збудзіць,

Каб змагацца з няпраўдай ішлі,

У чыім сэрцы сумленне не спіць.

Долю чорную ноч не схавае,

Калі выльецца песня жывая!

Я, бальны, бесскрыдлаты паэт,

Помню, раз пазабыў свае гора, -

Тэта чуда зрабіў Ваш прывет.

Я - бальны, бесскрыдлаты паэт!

Мо жыцця майго верш ужо спет, -

Дык няхай Вам хоць песня гавора,

Як бальны, бесскрыдлаты паэт

На гадзіну забыў свае гора.