Цёмна неба начное

Цёмна неба начное, -

Ноч даўно пераважыла дзень.

Ад свячы у пакоі

Ўжо бясшумна хістаецца плямамі цень.

 

Ты дасюль не заснула, -

Напружона у ложку ляжыш,

Быццам сквапна і чула

Узіраешся ў гэтую цёмную ціш.

 

Вось няпэўна і глуха,

Ледзь раскрыўшы румяны свой рот,

Мне шапнула: "Паслухай", -

І кіўнула, зардзеўшыся, ўніз на жывот.

 

О, як дрогнула сэрца!

Я паняў. Я каленямі стаў

Прад табой на каберцы

І да гібкага чэрава шчыльна прыпаў.

 

А яно ўжо дрыжала

У глыбі затаёным жыццём, -

І душа празіяла

Незгасімым ніколі свяшчэнным агнём.