Ізноў пабачыў я сялібы

Ізноў пабачыў я сялібы,

Дзе леты першыя прайшлі:

Там сцены мохам параслі,

Ўсё ў пылу. І стала мне

Так сумна, сумна ў цішыне.

Я ў сад пайшоў... Ўсё глуха, дзіка,

Усё травою зарасло.

Няма таго, што раньш было,

І толькі надпіс "Вераніка",

На ліпе ўрэзаны ў кары,

Казаў вачам аб тэй пары.

Расці, ўзмацовывайся, дрэва,

Як манумент жывы, ўставай

І к небу надпіс падымай.

Хай нерухомы словы спева:

Чым болі сходзіць дзён, начэй,

Тым імя мілае вышэй.