ВЕРАНІКА (Вершаванае апавяданне)

Ê un pensier del mio capo*

(* Яна – выдумка маёй галавы)

Джавані

 

Я на душы ўражлівай маю

Жыцця мінулага пячаць:

Схачу свой вольны верш пачаць -

I ўраз пра прошлае згадаю;

У даль вядуць мяне сляды

Да вас, дзіцячыя гады.

Ўстае перад маім паглядам

I вулка, веючая сном,

I ціхі старасвецкі дом

3 цяністым, адзічэлым садам;

Над ім шпакоўніца ўгары,

А ўкруг схіліўся тын стары.

Дом гэты да паноў Забелаў,

Суседзяў нашых, наляжаў;

Я змалку там штодзень гуляў,

3 дзяцьмі іх лез на дахі смела,

Рваў яблыкі, рабіў садом

I крыкам поўніў цэлы дом.

Вясёла йшлі гуляша нашы:

Пад шум і гук размах рукі

Збіваў здалёку гарадкі,

Быў чутны смех пры відзе "кашы",

I кожны стрымываў свой плач,

Калі ўразаўся ў плечы мяч.

А вечарком мы выпускалі

У паветра белых галубоў:

Зрабіўшы некалькі кругоў,

У вышыню яны шыбалі,

Як чысты снег, кружылі там

I падалі на дахі к нам.

Калі ж сачыўся бледнаваты

Зор сініх свет праз небасхіл,

I уплятаўся вулак пыл, -

Мы ўсе пяялі каля хаты,

I напаўняў нягучны хор

Маркотнаи песняй сціхшы двор.

Так у гулянках пралятала

Мае дзіцячае жыццё,

А поруч ціхае дзіцё,

Дачка Забелаў, узрастала.

Яе я мала знаў: яна

Усягды была сама, адна.

Жылося цяжка Вераніцы

(Хай так дзяўчынку будзем зваць):

Яе памерла рана маць,

I не было саўсім сястрыцы,

А бацька сэрца хоць і меў,

Ды прытуліць яе не ўмеў.

Таму з маленства палюбіла

Хавацца ў сад стары яна,

Дзе веяла дыхание сна,

I цішыня ў паветры плыла,

I нерухомы быў спакой,

Маўляў у глыбіні марской.

Не калыхнуцца лісцяў хвалі,

Ўспляснуўшы пенаю цвятоў

Паверх чарэшневых кустоў;

Кіпіць шум места дзесь там далі,

А тут і глуха і цямно, -

Не зварухне марское дно.

I забывала Вераніка

Між зёлак з кніжкай аба ўсём,

А ўзгляне, - сад кіпіць жыццём:

Над ёю куст шыпшыны дзікай,

Бруяе блізка сонны шмель,

I горка пахне толькі хмель.

Ізноў страніца за страніцай

Раскрытай кнігі шалясціць;

Нячутна час кудысь бяжыць,

Раяцца думкі Веранікі, -

Усё расце душа яе

I ў паўнаце красы ўстае.

Калі ж асеннія навіны

Змянялі сад, калі з бяроз

Рваў лісце вецер, а мароз,

Наліўшы ягады рабіны,

Траву губіў, і мы нагой

Ўзрывалі прэлых лісцяў слой;

Калі патроху чырванелі

Чаромха, ліпа, стройны клён,

А гнёзды змрочныя варон

Між голага галля чарнелі,

I грозны вечара пажар

Пылаў між бура-шызых хмар;

Калі асенні вецер дзіка

Стагнаў і глуха па начах

Грымеў у наш жалезны дах, -

Тады да лета Вераніка

Ад нас знікала ў інстытут

I не будзіла згадак тут.

А час усё каціўся далі,

Хаваючы на дне гадоў

I гарадкі і галубоў;

Мы непрыкметна падрасталі,

А іншы ўжо шчыпаў вусы

I лічыў іх гарой красы.

I толькі ўжо тады я ўгледзеў,

Што поруч, як цвяток лясны,

Узрасла ў красе сваёй вясны

Дачка самотная суседзяў.

I - помню я - тады жа ўперш

3 маей душы паліўся верш.

Ен там кіпеў струёй жывою,

Праз холад мыслі працякаў

I ў цвёрдых формах застываў,

Як воск гарачы пад вадою,

Каторым трэба вам гадаць,

Аб чым той вершык меў казаць.

Я ж сам скажу йшчэ тое толькі,

Што к Вераніцы твор паслаў

I млеў і ўсё адказ чакаў.

Аж вось прайшло маруды колькі

Трывожных дзён, а ўсё няма

Hi Веранікі, ні пісьма.

Калі ж я неяк з ёй спаткаўся,

Загаварыўшы, як у сне, -

Яна зірнула на мяне,

I раптам з вуст яе сарваўся

Такі бязвінны, чысты смех,

Што на яго злавацца - грэх.

Смех гэткі маюць толькі дзеці

Ды людзі з яснаю душой;

I ён, як жаваранак той,

Звінеў і ўжо кахання сеці

Нячутна нішчыў,

як ураз Сарваўся, дрогнуў і пагас.

Накрыла ясны твар дзявочы

Задумы сумная імгла,

На плечы ручка мне лягла,

Спагадліва зірнулі вочы,

I даляцеў к маім вушам

Ласкавы шэпт: "Мо больна вам?"

Не, зорка, мне было не больна,

Бо бачыла адно душа,

Як ты свяжа і хараша,

Як рада ты жыццю явольна,

Уся пад срэбнаю расой

Са йстужкай скромнай між касой.

I мела дзеўча выгляд маці,

Калі тады ка мне яна,

Трывожнай ласкаю паўна,

Схілілася, як да дзіцяці,

Зіяючы перада мной

У новай пекнасці жывой,

У тэй, што з постаццю дзяўчыны

Злівала мацеры чэрты.

О, як прыгожы-дзіўны ты,

Двайной красы аблік ядыны!

Ажыў у ім твой вечны цэль,

Мадонн тварыцель, Рафаэль!

I прад высокаю красою,

Увесь зачараваны ёй,

Скланіўся я душой маёй,

Натхнённай, радаснай такою,

А ў сэрцы хораша было,

Там запалілася цяпло.

Дасюль яшчэ яно пылае;

Здаецца - ўмёрла, але ўраз

Праб'ецца зноў, і пройшлы час

Прад ім у згадках праступае,

Як пры агні ці цеплаце

Таемны подпіс у лісце.

I конь крылаты да Парнаса

Мой дух імчыць тады, каб я

Былое апяваў пасля.

Ды як знайсці сляды Пегаса

На бруку места? Цяжка ўперш!

Спачынь жа трохі, верны верш!