АСТРЫ

У поўначы астры ў саду расцвілі,

Убраліся ў росы, вянкі заплялі,

І сталі ружовага ранку чакаць,

Ў вясёлку калёраў жыццё убіраць.

І марылі астры ў цудоўнаму сне

Аб зёлках шаўковых, аб сонечным дне,

І казачны край падымаўся з іх сна,

Дзе кветы не вянуць, дзе вечна весна...

Так марылі ў шэрую восень яны,

Так марылі астры і ждалі вясны.

А ранак спаткаў іх халодным дажджом,

І вецер стагнаў у саду за кустом.

І ўбачылі астры, што ўкруг іх — турма,

Убачылі астры, што жыць ім — дарма,

І ўмерлі яны. Але тут, як на смех,

Паднялася сонца, цалуючы ўсех.