РАНДО

Узор прыгожы пекных зор

Гарыць у цемні небасхіла;

Вада балот, стаўкоў, азёр

Яго ў глыбі сваей адбіла.

І гімн спявае жабаў хор

Красе, каторую з'явіла

Гразь луж; напоўніць мгла прастор,

І ўстане з іх гарачы міла

Узор.

І сонца дальш клянуць, што скрыла

Луж зоры днём. І чуе бор,

І чуе поле крэхат хілы,

Ды жаб не ўчуць вышэй ад гор,

Там, дзе чыясь рука зрабіла

Узор.