САНЕТ

Ne ris point du sonnet,

o eritique moquer.

S.-Beuve*

(* Не смейся з санета,

о здзеклівы крытык.

С.-Бёў)

На цёмнай гладзі сонных луж балота,

За снег нябёснай вышыні бялей,

Кругом паўсталі чашачкі лілей

Між пачарнеўшых каранёў чарота.

 

Ўкруг плесня, бруд, — разводзіць гніль спякота,

А краскі ўсё ж ня робяцца гразней,

Хоць там плыве парою слізкі змей

І ржаўчына ляжыць, як пазалота.

 

Цяпер давольна топкае багно:

Гніль сотні год збіраючы, яно

Смуроднай жыжкаю узгадавала

Цвятоў расістых чыстую красу.

Маліся ж, каб з літоўнасці стрымала

Тут смерць сваю нязвонкую касу.