САНЕТ (Ахвярую А. Пагодзіну)

Un sonnet défaut vaut

seul un long poéme.

Boiteau*

(* Беззаганны санет варты

 адзін цэлай паэмы.

Буало)

Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,

Над хвалямі сінеючага Ніла,

Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:

Ў гаршчку насення жменю там знайшлі.

 

Хоць зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыццёвая іх сіла

Збудзілася і буйна ўскаласіла

Парой вясенняй збожжа на раллі.

 

Вось сімвол твой, забыты краю родны!

Зварушаны нарэшце дух народны,

Я верую, бясплодна не засне,

А ўперад рынецца, маўляў крыніца,

Каторая магутна, гучна мкне,

Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.