Напілося сонца са крыніц сцюдзёных

Напілося сонца са крыніц сцюдзёных,

Усцягнула ў вышу з іх ваду, як пар;

І ўзляцеўшы шпарка па праменнях тонкіх

Пар зрабіўся слічнай чарадою хмар.

 

Ў даль яны памкнулі і лятуць пад імі

Нівы ды балоты, поле, бор, лука.

Але што там блішча? Ці не ты, сястрыца,

Ці не ты ліешся срэбная рака.

 

Загрымелі ў хмарах гулка прывітанні

І далёка буйны вецер іх разнёс.

Рынуліся хмары да ракі радзімай

І зліліся з ёю ліўнем кропель-слёз.