Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі

Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі

Каля агнішча лёг і сціхнуў у паўсне.

Агонь усё слабеў... урэшце знік паволі...

І ўраз зрабілася вясёла неяк мне!..

 

Хай, шэры попел, ты агнішча ўсё сабою

Ў нядоўгі час здалеў, як рызаю, пакрыць,—

Я ведаю, што там агонь дрыжыць пад ёю,

Я ведаю, што там чырвоны жар гарыць...

 

Хай чарада гадзін панурых, нудных, шэрых,

Як попел, на душу мне клалася ўвесь час,

Хаваючы сабой агонь гарачы веры, —

Хай не відаць яго... а ўсё ж ткі ён не згас!