КРАЮ МОЙ РОДНЫ! ЯК ВЫКЛЯТЫ БОГАМ..

Краю мой родны! Як выкляты Богам —

Столькі ты зносіш нядолі.

Хмары, балоты... Над збожжам убогім

Вецер гуляе на волі.

 

Поруч раскідалісь родныя вёскі.

Жалем сцікаюцца грудзі! —

Бедные хаткі, таполі, бярозкі,

Ўсюды панурыя людзі...

 

Шмат што зрабілі іх чорныя рукі,

Вынеслі моцныя спіны;

Шмат іх прымусілі выцерпець мукі

Пушчы, разлогі, нізіны.

 

Кінь толькі вокам да гэтага люду —

Сціснецца сэрца ад болю:

Столькі пабачыш ты гора усюды,

Столькі нуды без патолі.

 

Песня пяе, як удовіна сына,

Янку, каханне згубіло;

Там, дзе панура схілілась каліна,

Беднага хлопца магіла.

 

Ў гутарках-казках аб шчасці, аб згодзе

Сэрца навін не пачуе.

Сціснула гора дыханне ў народзе,

Гора усюды пануе.

 

Хваляй шырокай разлілась, як мора,

Родны наш край затапіла...

Брацця! Ці зможам грамадскае гора?!

Брацця! Ці хваце нам сілы?!