На глухіх вулках — ноч глухая

На глухіх вулках — ноч глухая.

Не менш глухі людскі натоўп.

Дык хто ж пачуе, як спявае,

Як стогне тэлеграфны стоўп?

 

І места, дзе няма прастора

Дзеля прыроды буйных сіл,

Прабіла сцежку мору гора

Палёў, лясоў, капцоў магіл.

 

Палёў, дзе круціць завіруха,

Ўзрываючы халодны снег,

Палёў, дзе ўсё бушуе глуха,

Дзе чутны разам стогн і смех!

 

І вось той гул мне ў душу ўліўся.

Гудзі, гудзі, дрыжачы дрот!

Ўвесь бледны, млосны прыхіліўся

Я ля ліхтарні да варот.