За дахамі места памеркла нябёс пазалота

За дахамі места памеркла нябёс пазалота;

Паветра напоена ціха гусцеючым мрокам;

Ўжо відна, як іскры злятаюць з трамвайнага дрота,

Як зоркі гараць і зрываюцца ў небе далёкам.

 

Музыкі стагнанне ліецца па вулках з бульвара;

Гараць і агнём машкару к сабе вабяць ліхтарні;

Ўкруг тоўстага шкла яна ўецца, як лёгкая хмарка.

А к светлу прабіцца не можа і томіцца марна.

 

І ўспомініў я час: срэдзь асенняй нахмуранай ночы

Музыка зайграла, агні у вышыне запалалі,

І дыхалі грудзі шырока, свяціліся вочы...

Мы к светлу ўзляцелі... і шкло ўкруг яго напаткалі.