Па ляду, у глухім бары

Па ляду, у глухім бары,

Дзе, ля раллі стаяць тры хаты,

Мужык ідзе, — насвітцы латы,

А сам няхібкі, хоць стары.

 

С чупрынай, белаю як лунь,

І з барадою снегавою,

Зямлёй прапахшы і сасною,

Ён пільна ўсё глядзіць на рунь.

 

"А каб ты здох! Бач, па расе

Хтось трапіў к збожжу ад крыніцы;

Ды вось і вузкі след капытца:

Алені тут былі ў аўсе.

 

Ўсё знішчаць, падлы, хоць не сей,—

Не дачакаеш умалота!

А тут яшчэ цераз балота

Не прабярэшся да людзей.

 

Снуюцца хмарай камары;

Кішмя-кішаць у зёлках гады;

Падшывам абрастаюць ляды...

Звядуць, звядуць людзей бары.

 

Даўно пачаў "хадзяін" дбаць,

Каб пушча тут была нанова,

Ды толькі ведае дзед "слова",

А то дабра бы не зазнаць.