ПЕРАПIСЧЫК

На чыстым аркушы, прад вузенькім акном,

Прыгожа літары выводзіць ён пяром,

Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі

Чырвоную страку; усякімі цветамі,

Рознакалёрнымі галоўкамі звяроў

І птах нявіданых, спляценнем завіткоў

Ён пакрашае скрозь — даволі ёсць знароўкі.

Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі,

І загалоўкі ўсе, — няма куды спяшыць!

Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць

Пяро гусінае, і гляне: светла сонца

Стаўпамі падае праз вузкае аконца

І круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл;

Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл,

Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі

У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі

Як жар гарашчымі, а тут, каля акна,

Малінаўка пяе і стукае жаўна.

І зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць

Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць

Ўжо хутка будзе ноч і першая гвязда

Благаславіць канец прыгожага труда.