ЛЕТАПIСЕЦ

Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,

Свой век канчаю я у манастырскіх мурах

І пільна летапіс другі ўжо год пішу:

Старанна літары малыя вываджу

І спісваю ўсё ад слова і да слова

3 даўнейшых граматак пра долю Магілёва.

І добрыя яго, і кепскія дзял

Апавядаю тут. Так рупная пчала

Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак.

І бачанаму мной — я годны веры сведак.

Хай тые ведаюць, што з'явяцца па нас,

Ўсю праўду пра жыццё у наш і пройшлы час,

Пра войтаў, лаўнікаў, і райцаў і паспольства,

Пра розных каралёў, і бітвы, і пасольсва.

Што тут чынілася у даўнія гады,

Што думалі, чаго жадалі мы тады,

За што змагаліся, як баранілі веру, —

Хай зведаюць усе патомкі праз паперу!

Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, —

І вось у спомінах устане, ажыве,

Калі знайдуць маё няхітрае пісаньне,

Пра гэтае жыццё, надзеі, справаванне.

Так мора — ў Гданску я чуваў — прымчыць вадой

Бутэльку к берагу, аблітую смалой,

Ўсю ў дробных ракаўках і ў ціне, Не замала

Яна была ў вадзе і шмат чаго спаткала.

Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб'юць,

I, як трапляецца, быць мо у ёй знайдуць

Ліста. За звычаю марскога гэтак весьці

Нам, утапаючы, шлюць людзі. У моры дзесьці

Загінулі яны, і, можа, соткі год

3 тых часоў працяклі, і згінуў іх народ,

І ўсё змянілася, і ўжо пра іх забылі.

Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!

І людзі зведаюць аб прадзедах сваіх

Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх,

Каму маліліся, чаго яны шукалі,

Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі.