МАЁВАЯ ПЕСНЯ

De la musique avant chose.

P. Verlaine*

(* Музыка перш за ўсё.

П. Верлен)

Па-над белым пухам вішняў,

Быццам сіні аганёк,

Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі

Сінякрылы матылёк.

 

Навакол усё паветра

Ў струнах сэрца залатых, -

Ён дрыжачымі крыламі

Звоніць ледзьве чутна ў іх.

 

І ліецца хваляй песня, -

Ціхі, ясны гімн вясне.

Ці не сэрца напявае,

Навявае яго мне?

 

Ці не вецер гэта звонкі

Ў тонкіх зёлках шапаціць?

Або мо сухі, высокі

Ля ракі чарот шуміць?

 

Не паняць таго ніколі,

Не разведаць, не спазнаць:

Не дадуць мне думак зыкі,

Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.

 

Песня рвецца і ліецца

На раздольны, вольны свет.

Але хто яе пачуе?

Можа, толькі сам паэт.